"БЕЛОРУССКАЯ ДЕЛОВАЯ ГАЗЕТА” БУДЗЕ ВЫХОДЗІЦЬ ПАД РОЗНЫМІ ШАПКАМІ

Юры Сьвірко, Менск

У Менску зьявіўся новы нумар штотыднёвіка “Салідарнасць”, заснаванага Беларускім незалежным прафсаюзам, за подпісам галоўнага рэдактара Аляксандра Старыкевіча й дзьвюхмоўнай шапкай на першай старонцы: “Салідарнасць с Белорусской деловой газетой”. Нумар мае наклад 15 тысячаў асобнікаў і адкрываецца артыкуламі двух галоўных рэдактараў – спадара Старыкевіча й Сьвятланы Калінкінай з “БДГ”. Ніжэй паведамляецца: “Наступны нумар “БДГ” выйдзе заўтра. Шукайце нас у шапіках”.Тым, хто шукаў адноўленую “Белорусскую деловую газету” у шапіках з раніцы аўторка, не пашанцавала – выданьня ў пунктах “Белсаюздруку” не было. Ня трапіла “Салідарнасць с БДГ” і падпісчыкам празь “Белпошту”. Але рэдакцыя “БДГ” не губляе аптымізму й зьбіраецца скарыстаць досьвед газэты “Правда”, якую закрываў царскі рэжым і якая выходзіла пад некалькімі назвамі – “Путь правды” і гэтак далей. Гаворыць галоўная рэдактарка “БДГ” Сьвятлана Калінкіна:

(Калінкіна: ) “Сёньня выйшаў супольны нумар “БДГ” са штотыднёвікам “Салідарнасць”, у сераду выходзіць супольны нумар са штотыднёвікам “Эхо”, у чацьвер гэта будзе супольны праект з “Предпринимательской газетой”, а ў пятніцу гэта будзе “Belarus Today – Белоруссия сегодня” й “БДГ”.

(Карэспандэнт: ) “І так кожны тыдзень будзе паўтарацца?”

(Калінкіна: ) “Мы плянуем, што так будзе паўтарацца да таго часу, пакуль ня вырашыцца наш канфлікт зь Міністэрствам друку”.

(Карэспандэнт: ) “Ці былі ўжо прэтэнзіі ад Міністэрства інфармацыі наконт выхаду “Салідарнасці” з матэрыяламі “БДГ”?

(Калінкіна: ) “Да нас – не”.

(Карэспандэнт: ) “А да “Салідарнасці”?

(Калінкіна: ) “Як мне здаецца, таксама пакуль што не. Яны ў некаторай разгубленасьці, па нашых дадзеных”.

Гэтыя словы спадарыні Калінкінай пацьвердзіў у інтэрвію “Интерфаксу” міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны, які заявіў, што з пункту погляду закону выйшла газэта "Салідарнасць" з матэрыялам "Белорусской деловой газеты". “Гэта ня ёсьць парушэньнем дзейнага заканадаўства”, – зазначыў міністар і дадаў, што прэтэнзіяў да “БДГ” тут ня мае, але “ёсьць іншыя пытаньні да газэты "Салідарнасць".

Што гэта за пытаньні, спадар Падгайны не ўдакладніў, але свае пытаньні да “Салідарнасці” мае “Белсаюздрук”. Яго менская кантора паведаміла, што паводле дамовы на распаўсюд выданьня праз свае шапікі газэта мусіць прадавацца па серадах, але сьвежы нумар датаваны аўторкам. Начальнік аддзелу розьніцы Менгарсаюздруку Яніна Брушкевіч сказала таксама, што больш за 500 асобнікаў “Салідарнасці”, як было ў дамове, яе прадпрыемства распаўсюджваць ня будзе, і дадала:

(Брушкевіч: ) “Нам указалі дзень – сераду. Калі толькі будзе попыт на гэтую газэту, будзем браць болей”.

Прадстаўніца газэтна-часопіснай экспэдыцыі Зінаіда Будзінская на пытаньне, ці трапіць газэта “Салідарнасць” у шапікі ў аўторак, адказала гэтак:

(Будзінская: ) “Салідарнасць” трапіць? Ня ведаю. Як гэта яна сёньня трапіць? Сёньня прывезьлі толькі – і сёньня трапіць? Колькі нам прывезьлі “Салідарнасці” – 500”.

(Карэспандэнт: ) “А больш вы ня возьмеце?”

(Будзінская: ) “Паводле дамовы 500 – значыць 500”.

500 асобнікаў на 300 менскіх шапікаў – гэта няшмат. Жыхарам сталіцы застаецца разьлічваць на прыватных распаўсюднікаў, якіх можна знайсьці ў буйных унівэрсамах і ля станцыяў мэтро. Паштальёны дастаўляць “БДГ” пад іншымі назвам падпісчыкам ня будуць, заявіла намесьніца дырэктара “Белпошты” Ніна Юшкевіч:

(Юшкевіч: ) “Як я магу дастаўляць гэтую газэту, калі забарона Мінінфармацыі? На якой падставе я вазьму газэту, якая выйшла пад іншай шапкай? Не, “Салідарнасць” мы не дастаўляем па падпісцы. А па просьбе зрабіць з адной газэты іншую я не магу – я дзяржаўнае прадпрыемства, у мяне іншыя ўмовы. Падпісчыкам “БДГ” я ня маю ніякіх юрыдычных падставаў дастаўляць газэту “Салідарнасць”. Вось праз тры месяцы, калі нічога не адбудзецца, мы вернемся да “Белорусской деловой”. Вось вы ўяўяляеце – вы выпісваеце “БДГ”, а вам прынясуць “Салідарнасць”. Заўтра будзе больш пытаньняў, чым адказаў. Таму я ня маю права па гэтай базе дадзеных прапусьціць чужую газэту – выкарыстоўваць базу дадзеных аб адных кліентах для таго, каб іншай газэце яе даць. Так не бывае”.