<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>

Ул. інф.

“Па-за тактам”: “Кароль музычнага сеціва”. 31 траўня

Упершыню за дзевяць гадоў існаваньня цырымоніі “Рок-каранацыя” быў заснаваны спэцыяльны прыз “Лепшы музычны сайт году”. Па выніках мінулага году прыз быў уручаны Хведару Караленку, аўтару неафіцыйнага сайту ансамбля “Песьняры”. Пра тое, як ствараўся сайт і чым ён жыве сёньня, журналіст Дзьмітры Падбярэскі гутарыць з Хведарам Караленкам у чарговым выданьні праграмы “Па-за тактам”.


"Праскі акцэнт". 1 чэрвеня

Зьмена кіраўніцтва ў беларускім ліцэі, прыпыненьне дзейнасьці “Белорусской деловой газеты”, папярэджаньне карэспандэнту “Известий”, стварэньне новага падкантрольнага ўладам прафсаюзу. Ці прыгаданыя падзеі гэтага тыдня маюць розныя прычыны, ці гэта зьвёны аднаго ланцугу? Робячы такія крокі, якое пасланьне накіроўваюць беларускія ўлады краіне і сьвету? Ці ёсьць магчымасьць супрацьстаяць гэтаму ціску, ці ня лепш было б пашукаць кампрамісу?

На гэтыя пытаньні адказваюць у “Праскім акцэнце” намесьнік дырэктара беларускага ліцэю Ўладзімер Колас, выдавец “Белорусской деловой газеты” Пётар Марцаў, старшыня прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч і карэспандэнт “Известий” у Беларусі Алена Данейка. Перадача, якую падрыхтаваў і вядзе Юры Дракахруст, выйдзе ў эфір у нядзелю, 1 чэрвеня.


“Вольная студыя”. 1 чэрвеня

Навучэнцы Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа летнія вакацыі могуць ізноў правесьці ў вулічных пікетах, як гэта ўжо было ў 1998 годзе. Сёлета ліцэісты зьбіраюцца пратэставаць супраць прызначэньня на дырэктара асобы, якая нават не валодае дзяржаўнай беларускай моваю. Пяць гадоў таму, дзякуючы скансалідаваным дзеяньням вучняў, выкладчыкаў і бацькоўскага камітэту адзіны ў краіне беларускамоўны ліцэй удалося захаваць... Пра сытуацыю ў гэтай элітнай навучальнай установе — у нядзельнай “Вольнай студыі” гутарка Міхася Скоблы з намесьнікам дырэктара Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю Ўладзімерам Коласам.


“Паштовая скрынка 111”. 1 чэрвеня

У заўтрашняй праграме “Паштовая скрынка 111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на Свабоду Ірма Табушава і Мікалай Лясовіч зь Менску, Анатоль Жэрдзеў з Гомелю і Яўгенія Ўладзімерава з Горадні.

Слухачы гэтым разам:
— разважаюць пра нежаданьне апазыцыйных палітыкаў аб’ядноўвацца і выпрацоўваць агульную стратэгію;
— выказваюць меркаваньні пра намер Аляксандра Лукашэнкі застацца пры ўладзе пасьля 12-гадовага прэзыдэнцтва;
— распавядаюць пра тое, як адбываецца русіфікацыя беларускамоўных школаў;
— дзеляцца заўвагамі пра некаторыя праграмы Беларускай Свабоды.


Тэксты гэтых ды іншых перадач чытайце на сайце на наступным тыдні.