ВІЦЕБСКІЯ ЎЛАДАЛЬНІКІ МАРШРУТНЫХ ТАКСОВАК АБВЯСЬЦІЛІ “ПЕРАДСТРАЙКАВАЕ СТАНОВІШЧА”

Браніслава Станкевіч, Віцебск

У лістах уладальнікі маршрутак згадваюць, што вымушаныя штодня праходзіць тэхнічны агляд у таксапарку, які ня мае адпаведнай ліцэнзіі і не адказвае за вынікі агляду; што ад іх патрабуюць мець у машынах касавыя апараты, прымушаюць рухацца паводле раскладу ды праходзіць платныя курсы для міжнародных перавозчыкаў. Апроч гэтага, кіраўніцтва гарвыканкаму паабяцала правесьці тэндэр спаміж уладальнікаў маршрутак, каб пакінуць з 1 чэрвеня ўдвая меней машын на віцебскіх вуліцах.

Кіроўцы пэўныя, што праз гэткія складанасьці гарадзкія ўлады задумалі даць дазвол на перавозкі толькі сваім “людзям”, або “ачысьціць” ад маршрутак цэнтральныя вуліцы гораду на карысьць стратнага аўтапарку: ацаніўшы камфорт ды хуткасьць маршрутак, многія віцябляне перасталі карыстацца гарадзкім аўтатранспартам і, адпаведна, папаўняць нішчымны гарадзкі бюджэт.