ВЯДУЧЫЯ ПОЛЬСКІЯ ГАЗЭТЫ ПРА РЭПРЭСІІ УЛАДАЎ СУПРАЦЬ НЕЗАЛЕЖНАЙ ПРЭСЫ Ў БЕЛАРУСІ

Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

“Аднак рэдакцыя гэтай газэты таксама ўжо мае папярэджаньне ад пракуратуры і міністэрства інфармацыі, якое было зробленае толькі за першакрасавіцкі жарт пра тое, што Садам Хусэйн прыляцеў у Менск і папрасіў прытулку ў Беларусі. За падобныя жарты праблемы можа мець яшчэ адно выданьне – культавая газэта менскіх студэнтаў “Навінкі”, – піша “Gazetа Wyborczа”.

Іншы польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita”, распавядаючы пра перасьлед незалежных беларускіх мэдыяў адзначае, што цяпер можна казаць пра ўзмацненьне ўціску адначасова на ўсе элемэнты грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, улучна з газэтамі, недзяржаўнымі арганізацыямі і нават беларускім ліцэем.

“Rzeczpospolita” падае словы вядомых беларускіх апазыцыянэраў, якія кажуць, што пасьля выезду зь Беларусі дэлегацыі Арганізацыі ў справе супрацоўніцтва і бясьпекі ў Эўропе на чале з Утай Цапф, рэжым Аляксандра Лукашэнкі яшчэ раз паказаў, што ня мае намеру выконваць аніводнай з гэтак званых “чатырох умоваў АБСЭ”.

Польскія газэты адзначаюць таксама, што захады беларускіх уладаў супраць незалежных мэдыяў маюць выключна палітычны характар.