ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 30 ТРАЎНЯ

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

Газэта “Звезда”, 1923 год, абвестка:

“Зямельны аддзел Менгарвыканкама даводзіць да ведама грамадзянаў, якія пражываюць у цэнтры гораду і маюць коз, што для выпасу апошніх адводзяцца старыя габрэйскія могілкі на Ўнівэрсытэцкай вуліцы. Хто жадае атрымаць дазвол на правы карыстацца пашаю — мусяць скласьці заяву на правы дазволу і ўнесьці ў касу Гарвыканкаму 1 руб. 50 кап. золатам за казу ў год. Выпас без дазволу на згаданай пашы забараняецца і вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасьці. Заг. земаддзелу Сьляпян, заг. сенакосамі Сінкевіч”.

“Беларуская газэта”, 1943 год, артыкул “Целяханаўскія дудары”:

“Беларускае Палесьсе, дарма што перашкоды ваеннага часу, адраджае сваё нацыянальнае культурнае жыцьцё. Так, у месьце Целяханах, Ганцавіцкай акругі, у будынку народнае школы рэгулярна ладзяцца абходы беларускіх сьвятаў, чытаюцца рэфераты, адбываюцца паказы мясцовых аматарскіх гуткоў… Дужа цікавыя былі выступленьні групы дванаццацёх дудароў (кіраўнік спадар М.Крынец). Гэты старадаўны народны беларускі інструмэнт на нашым Палесьсі яшчэ й дагэтуль мае шырокае распаўсюджаньне й папулярнасьць. Адзінаццаць звычайных сялянаў і настаўнік з вылучным майстроўствам выконваюць на ім народныя беларускія мэлёдыі”.


“Чырвоная змена”, 1953 год, ліст у рэдакцыю групы камсамольцаў радыёзаводу:

“Нельга так працаваць, таварышы велазаводцы! Даражыце чэсьцю заводзкай маркі! Юнакі і дзяўчаты нашага заводу вельмі захапляюцца веласіпэдным спортам. У апошні час многія з нас набылі веласіпэды, галоўным чынам, мінскай маркі. У першыя дні мы з захапленьнем разглядалі бліскучыя нікеляваныя часткі машыны, любаваліся добра прыгнанымі дэталямі. Але прайшло два-тры месяцы, і амаль ва ўсіх з веласіпэдаў пачалі вытварацца дзіўныя рэчы. У аднаго, глядзіш, педаль адламалася ды так, што і адрамантаваць нельга, у другога — вось пярэдняй утулкі адказала, у трэцяга — яшчэ што-небудзь здарылася. Калі-б хто-небудзь з вашых камсамольцаў пабываў сярод нашых рабочых, пагутарыў зь імі, яму, мабыць, было-б вельмі непрыемна пачуць водгукі юнакоў і дзяўчат аб веласіпэдах, якія выпускае ваш завод”.