ШАЛЁНЫЯ ВАЎКІ Ў РАДЫЯЦЫЙНЫХ ВЁСКАХ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ НАПАДАЮЦЬ НА ЛЮДЗЕЙ

Казімер Яноўскі, Брагінскі раён

Трое пакалечаных шалёным зьверам жанчынаў зараз знаходзяцца ў Брагінскім раённым шпіталі. Распавядае пэнсіянэрка Нона Міроненка.

(Міроненка: ) “Здарылася гора. Гэта было ў абед, гадзінаў у 13. Я дома бульбачку насыпала. Ачыстачкі, расточкі панесла за хлеў. Высыпала, галаву падняла, а воўк скочыў на мяне і адразу – за твар. Я нават ня бачыла, калі ён бег. Я крыкнула: “Ой, Божа, што такое?!” Воўк за руку, паваліў мяне. Я стала крычаць. Ён ухапіў мяне за нагу. Ці ён вядра спужаўся, але мяне кінуў і пабег. Я дамоў дапаўзла, дачцы патэлефанавала. Яны выклікалі “хуткую”. На вуліцу выйшла, а там яшчэ дзьве жанчыны акрываўленыя, воўкам парваныя”, – распавяла перабінтаваная жанчына, седзячы на бальнічным ложку.

Нона Міроненка прапануе свой рэцэпт барацьбы з драпежнікамі, якія даўно не даюць спакою вяскоўцам:

(Міроненка: ) “Гэта трэба ўсімі сіламі, прасіць і Лукашэнку, зрабіць якую аблаву. У нас ваўкоў страх як багата. Выюць у Кружках – лесе такім. А цялят часта-часта рвуць”.

Старшыня Брагінскага райвыканкаму Рычард Стэфановіч патлумачыў, што ваўкі ды іншыя зьвяры асабліва размножыліся ў Прыпяцкім дзяржаўным радыяцыйна-экалягічным запаведніку. Адтуль яны найбольш і распаўсюджваюцца на памежныя тэрыторыі. Райвыканкам яшчэ зімою зьвяртаўся зь лістом да гаспадара радыяцыйнага запаведніка – Камчарнобылю – з просьбай дазволіць паляваньне на драпежнікаў з дапамогаю гелікоптэраў. Ваўкі за год рэжуць на тэрыторыі Брагінскага, Хойніцкага і Нараўлянскана раёнаў па некалькі сотняў галоў жывёлы. А зараз дабраліся і да людзей.

(Стэфановіч: ) “На жаль, чыноўнікі Камчарнобылю паставіліся да праблемы з непаразуменьнем і не дазволілі нармалёва правесьці адстрэл”.

Брагінскія паляўнічыя лічаць, што ў Камчарнобылі проста перасьцерагліся. Былы дырэктар радыяцыйнага запаведніка Мікалай Варанецкі, які змагаўся з перанасяленьнем драпежнікаў у “зоне”, разам з колішнім начальнікам Беларускай чыгункі спадаром Рахманько патрапіў пад суд за браканьерства, а менавіта, за паляваньне з выкарыстаньнем гелікоптэра.

Тым часам абласная вэтэрынарная служба канстатуе, што зараз у рэгіёне і радыяцыйным запаведніку павялічылася колькасьць ня толькі зьвяроў, але і выпадкаў іх шаленства. Летась, напрыклад, ад укусаў шалёных ваўкоў, лісіц, янотавых сабакаў ў рэгіёне пацярпелі 143 чалавекі. Паводле словаў галоўнага вэтэрынарнага лекара Віктара Курпатава, у службы бракуе сродкаў на набыцьцё вакцыны супраць шаленства і правядзеньне з дапамогаю прыманкі прафіляктыкі сярод лясных насельнікаў.