Сёньня і ўчора у Менску афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі выступаюць з рэзкай крытыкай на адрас газэты “Известия”. У Беларусі артыкул называюць напісаным на замову і пытаюцца: хто ж спрабуе перашкодзіць дружбе дзьвюх дзяржаваў?
Мы пазванілі ў Маскву шэф-рэдактару газэты “Известия” Георгію Боўту і спыталіся, хто замаўляў згаданую публікацыю:
(Боўт: ) “Ніхто не замаўляў. Навіны настолькі відавочныя, што толькі сьляпы альбо ангажаваны Алякандрам Лукашэнкам чалавек можа сабе дазволіць ня бачыць гэтых навінаў. Беларускі бок ужо даўно не выяўляе ніякага жаданьня ісьці насустрач Маскве ў пытаньні інтэграцыі дзьвюх краінаў. Гэта тычыцца найперш эканамічных пытаньняў. Беларусь вельмі хоча захаваць сацыялістычны лад гаспадараньня на сваёй тэрыторыі. Сацыялістычнае – і пры гэтым тое, якое падпарадкоўваецца групоўцы Лукашэнкі і аўтарытарнаму рэжыму, які ён усталяваў у краіне. Гэта настолькі не супадае з мэтамі Масквы і аб’ектыўнымі патрабаваньнямі будучага саюзу, што не зьвяртаць увагі на гэта проста немагчыма”.
Мы таксама папрасілі шэф-рэдактара “Известий” Георгія Боўта пракамэнтаваць выказваньне Аляксандра Лукашэнкі, быццам “Известия” не любілі і ня любяць Беларусь.
(Боўт: ) “Известия” ніколі не любілі Аляксандра Лукашэнку. Ня любяць таму, што ён праводзіць палітыку, якая не супадае з прынцыпамі, блізкімі нашай газэце. Гэта лідэр, які ў Эўропе выглядае адыёзным. Усе фігуры зь ягонага атачэньня і ўся ягоная палітыка ў сучаснай Эўропе проста адыёзныя. Пасьля падзеньня рэжыму Энвэра Ходжы ў Альбаніі Аляксандар Лукашэнка застаўся адзін такі ва ўсёй Эўропе. Блізкі яму па стылі кіраваньня чалавек знаходзіцца альбо ва Ўзбэкістане, альбо яшчэ далей – у Пхеньяне. Таму мы яго ня любім. Гэта ўзаемна”.
Нагадаем, што Аляксандар Лукашэнка ня так даўно пракамэнтаваў артыкул у расейскай газэце “Известия” наконт магчымых сувязяў беларускіх прадпрыемстваў з ірацкім рэжымам. Падставай для гэтай публікацыі сталі матэрыялы Радыё Свабода. Аляксандар Лукашэнка сказаў: “Гэта салідная газэта ніколі сябе салідна ў дачыненьні да Беларусі не паводзіла. Яна заўсёды была тэндэнцыйна-заказной. Гэтая газэта ніколі не любіла нашую краіну”. І дадаў: “Паганая, з майго пункту гледжаньня, газэта”.