БЕЛАРУСКІЯ БУКВАРЫ, ПЕРАДАЧА ПЕРШАЯ

Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае пэдагог, дасьледніца Людміла Дзіцэвіч.

(Ракіцкі: ) “Буквар — гэта галоўная кніга ў жыцьці кожнага чалавека. Па ім мы вучыліся чытаць, праз усё жыцьцё нясем у памяці тэксты і вобразы-малюнкі, зьмешчаныя ў першай нашай кнізе. З букваром чалавек далучаецца да роднай мовы, усьведамляе моўнае вызначэньне прадметаў і вучыцца вобразна ўспрымаць сьвет. Памятаеце, ва Ўладзімера Караткевіча:

“Наша мова вечная, бо ўся яна, як наш характар. Здаецца, кволая ад пяшчотнай мяккасьці, яна раптам кідае наверх схаваную ад усіх жалезную мужнасьць і сілу. “Эль” — як салодкае віно, “дзе” — як шкляной палачкай па крышталю, мяккае “с” — як соннае ціўканьне сінічкі ў гнязьдзе. І побач “р” — як гарошына ў сьвістку, і доўга, пявуча, адкрыта гучаць галосныя. А “г” прыдыхае так ласкава, як маці на лобік дзіцяці, каб перастаў сьніць дрэнны сон”.

А мая госьця сёньня — пэдагог-дасьледніца Людміла Дзіцэвіч лічыць…”

(Дзіцэвіч: ) “Буквар — гэта сымбаль культуры і дзяржаўнасьці, цывілізацыі, урэшце — ладу жыцьця. Што ў буквары напісана, тое прарастае праз пэўны час і ў галовах людзей. І калі там ідэалягічнае смецьце й бруд, то яны праз дзесяцігодзьдзі прарастаюць у нашым жыцьці ў форме, напрыклад, скрэмзаных ліфтаў, зламаных лавак, забруджаных лясоў і рэчак. Калі ж у буквары сапраўднае выхаваньне — пасьля і ў жыцьці дзеці, што чыталі яго, ладуюць зямлю і ўраўнаважваюць сябе. Калі пачынаўся рух, варушэньне, пад’ём, адраджэньне, тады зьяўлялася шмат буквароў”.

(Ракіцкі: ) “Буквар зьяўляецца са зьяўленьнем пісьменства, друку, як, зрэшты, і кожная кніга. А як навучалі дзяцей грамаце да зьяўленьня першых буквароў?”

(Дзіцэвіч: ) “Гісторыя захавала для нас літарныя склады на дошчачках, берасьцяных сшытках. Напрыклад, у ХІІ ст. у Ноўгарадзе хлопчык Анфім напісаў на берасьце літары, склады і нават зрабіў малюначкі, дзе паказаў сябе ў вобразе воіна. Псалтыры, часоўнікі таксама выконвалі функцыі буквароў. І ня трэба забывацца на тое, што Скарына, калі друкаваў Біблію, пісаў, што гэта — “книга к научению”. І яшчэ Скарына ўвёў у Бібліі прынцып буквара: слова й малюначак ля яго”.

(Ракіцкі: ) “Так зьяўляюцца першыя буквары, пра якія выдатна напісаў Мікола Гусоўскі:

“Сьвет даўніны вывучаў я па кнігах славянскіх,

Граматах рускіх, кірыліцай пісаных вязкай.

Лад алфавіту наш прашчур для ўласнай карысьці

Ў грэкаў пазычыў і, гукі мясцовых гаворак

Зладзіўшы зь ім, іншаземцам, застаўся сабою”.

(Ракіцкі: ) “Дык калі зьяўляюцца першыя буквары ва ўсходніх славянаў, і як яны афармляліся?”

(Дзіцэвіч: ) “Гэта было ў ХVI ст. Мы маем буквар — “Азбуку” Фёдарава, якая была выдадзеная ў Львове. Праўда, перад гэтым Фёдараў быў запрошаны нашым магнатам Рыгорам Хадкевічам у Заблудава, каб выдаваць “Эвангельле навучальнае” на беларускай мове. Фёдараў адмовіўся друкаваць па-беларуску й выдаў “Эвангельле навучальнае” на расейскай мове. І толькі пасьля ў Львове ён выдае “Азбуку”. Дарэчы, назва першых буквароў была менавіта “азбука”, і толькі празь некаторы час наш Зізаній уводзіць назву “буквар”. У 1593 г. браты Зізаній, Лаўрэньцій і Стэфан выдалі “Начало учения детям” у Вільні. Гэта быў выдатны буквар хоць і стараславянскай мовы, але ў ім была частачка, якая ўтрымлівае шмат старабеларускіх словаў — глосаў (тато, певень, лазьня, кашуля, утрута, здрада, валацюга, працавіты і г.д.). Таксама ў ім перададзеныя асаблівасьці беларускай мовы — дзеканьне-цэканьне, аканьне-яканьне. Гэта дае нам падставу лічыць буквар Зізанія кнігай для навучаньня ня толькі стараславянскай, але й беларускай мове таксама”.

(Ракіцкі: ) “Як аздабляліся, як дэкараваліся гэтыя першыя буквары?”

(Дзіцэвіч: ) “Першыя кнігі вельмі прыгожыя: багаты расьлінны арнамэнт, застаўкі, цікавыя вялікія літары (ініцыялы), канцоўкі. Дэкор рабіўся ксылёграфічным спосабам: адбіваўся на дрэве з дошак (дарэчы, у нашых першых букварах выкарыстоўваліся дошкі Ф.Скарыны віленскага пэрыяду). У букварах маглі выкарыстоўвацца розныя шрыфты. Прыкладам, дробны й буйны ў буквары Зізанія.

Вельмі цікавы іўеўскі буквар 1618 г., які называўся “Граматыка” і выдаваўся манахамі Сьвята-Духаўскай царквы. Буквар мае дваццаць шэсьць аркушаў, складаецца з альфабэту (цікава, што для разьвіцьця зрокавай памяці альфабэт у нашых першых букварах быў пададзены ў простым і адваротным парадку). Кніга складалася з часткі буквара Лаўрэньція і Зізанія. Наогул, буквары таго часу складаліся зь дзьвюх частак: царкоўнай, дзе былі малітвы, тэксты, і часткі навучальнай, у якой былі літары, склады, лічбы, тэксты для чытаньня.

Цікавым зьяўляецца буквар Сьпірыдона Собаля, які ў 1631 г. быў выдадзены ў Куцейне. Собаль лічыў, што кніга мусіць падабацца і вучням, і бацькам. Прыгожы арнамэнт, гравюра на шмуцтытуле, застаўкі з расьлінным арнамэнтам, кампазыцыйная зграбнасьць, невялікі аб’ём, зручнасьць карыстаньня — вось адметныя рысы буквара Сьпірыдона Собаля”.

(Ракіцкі: ) “Ці можам мы сказаць, што беларусы йшлі ў нагу зь іншымі эўрапейскімі народамі — нашымі суседзямі? Якое месца, увогуле, займалі ў сьвеце беларускія буквары?”

(Дзіцэвіч: ) “Беларусы вельмі добра папрацавалі ў тэме буквароў, чым могуць ганарыцца. Па-першае — нашыя аўтары пераймалі лепшае ад эўрапейскіх буквароў. Прыкладам, буквар Янамуса Каменскага “Орбіс піктус — жывапісны сьвет”, які зьявіўся ў 1657 г. Каменскі лічыў, што спачатку зьяўляецца рэч, потым — слова. Гэтая мэтадычная сыстэма прайшла і ў нашых букварох. Трэба адзначыць, што хоць мы запазычвалі нешта ад іншых буквароў, прыкладам, польскіх, але й ад нашых буквароў шмат запазычвалі ўсходнія суседзі. Прыкладам, мэтодыку паданьня граматычнага матэрыялу ў Сьпірыдона Собаля запазычыў Васіль Бурцоў, які выдаў “Азбуку” у 1634 г. — першы буквар, выдадзены ў Маскве. Але Васіль Бурцоў — магілёвец, беларус. Менавіта Собаль, які потым пакінуў справу буквароў і пастрыгся ў манахі, прадаў Бурцову матрыцы.

Ці Сімяон Полацкі — наш дзяяч, які пераняў ад Собаля трохскладовыя словы, а ад Зізанія — “Катэхізыс”. Буквар Зізанія распаўсюджваўся ў Польшчы, у Баўгарыі. І адметнасьцю беларускіх буквароў было “разьняволеньне”. Калі ўзяць буквар Карыёна Істоміна — маскоўскага аўтара — то першы яго буквар кансэрватыўная Масква не ўзяла, таму што буквар быў створаны паводле беларускага ўзору — найбольш разьняволенага. Давялося Карыёну Істоміну рабіць іншыя, больш схалястычныя, адарваныя ад жыцьця”.

(Ракіцкі: ) “Вы хочаце сказаць, што ад свабоды, якая існавала ў дзяржаве, залежала і навучаньне, і нават структура, мэтодыка падачы і ў букварох? А якім быў беларускі буквар за часы Расейскай Імпэрыі?”

(Дзіцэвіч: ) “За гады Расейскай Імпэрыі ўзьнікла абсалютна новая сыстэма навучаньня дзяцей. Беларускія буквары зьніклі. Цалкам! Яны ня мелі хаджэньня — былі толькі расейскія буквары. Так, напрыклад, шырока распаўсюджваўся буквар “Для совместного обучения письму русскому и церковнославянскому чтению, счету для народных школ” Ціхаміравых. Далей — “Родной мир” Давіса “для обучения русскому языку в инородческих училищах”. У сярэдзіне ХІХ ст., калі ўзьнікае новая літаратурная мова, узьнікаюць таемныя беларускія школы (прыкладам, школы Дуніна-Марцінкевіча ў Люцынцы і ў Менску)”.

(Ракіцкі: ) “І яны мелі свае буквары?”

(Дзіцэвіч: ) “Менавіта для гэтай мэты, менавіта для беларускіх школаў у 1835 г. у Вільні быў выдадзены буквар — гэта “Кароткі збор хрысьціянскай навукі для сялянаў рымка-каталіцкага веравызнаньня, якія гавораць на польска-рускай мове”. А ўжо ў часы Кастуся Каліноўскага, ва ўмовах пратэсту супраць расейшчыны, супраць русіфікацыі, узьнікае беларускі буквар “Лемантар для добрых дзетак-каталікоў”, выдадзены ў Варшаве ў 1862 г. На сёньня мы ня ведаем аўтарства. Прыпісваюць аўтарства гэтага буквару Аскерку, сябру Каліноўскага”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, напэўна, гэты буквар і ўвогуле, так бы мовіць, падпольнае навучаньне беларускай мове, сталі прадвесьнікамі таго адраджэньня, якое распачалося на пачатку ХХ ст. і якое прынесла і беларускую кнігу, а ў тым ліку, і буквар. Якімі былі беларускія буквары пасьля прыняцьця “Закону аб свабодзе друку” у 1905 г.?”

(Дзіцэвіч: ) “Гэта былі цікавыя буквары, і іх было шмат. Пайшоў беларускі буквар на беларускую зямлю. І я б хацела нагадаць ранейшы подзьвіг нашага беларуса Ільлі Капіевіча, які ў Расейскай Імпэрыі, на загад Пятра І стварыў “Грамадзянку”. І сёньня нават нашыя дзеці пачынаюць карыстацца гэтым фактам, даказваючы, што беларускі буквар, беларускае пісьменства было высокаўзроўневае і дапамагала іншым у засваеньні граматы. Ужо у пачатку ХХ ст., у 1906 г. Іваноўскі выдае “Беларускі лемантар” лацінкаю — гэта першы буквар ХХ ст.”.