БЕЛАРУСКА-НЯМЕЦКАЕ ПРАДПРЫЕМСТВА “БЕЛВЕСТ” ЗРАБІЛАСЯ БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКІМ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Пасьля звальненьня былой дырэктаркі “Белвесту” Ларысы Кузьняцовай, якая, паводле афіцыйных зьвестак, пайшла са свае пасады з прычыны дрэннага здароўя, кіраваць прадпрыемствам прызначаны Юры Суманееў. Ён ёсьць дырэктарам расейскага прадпрыемства “Палітэкс”, якое прыйшло на месца ранейшага інвэстара “Белвесту” — нямецкага канцэрну “Салямандэр”.

Пасьля таго, як “Салямандэр” вырашыў сысьці з абутковае галіны, Беларусь страціла аднаго з апошніх заходніх інвэстараў. А ўласна “Белвест” апынуўся перад пагрозаю ператварыцца з супольнага прадпрыемства ў звычайнае ўнітарнае. Гэта здарылася б у верасьні сёлета, і таму зьяўленьне расейскага інвэстара хто-ніхто лічыць сапраўдным выратаваньнем. У прыватнасьці, намесьнік старшыні камітэту эканомікі віцебскага абласнога выканкаму Канстанцін Чорны задаволены, што новы інвэстар дапаможа пазбавіцца ад крэдытнай запазычанасьці “Белвесту”, якая перавышае 1 мільярд рублёў.

Цяперашні кіраўнік прадпрыемства Юры Суманееў, які зараз ладзіць на прадпрыемстве фінансавую праверку, плянуе неўзабаве разьлічыцца за крэдыты, пераарыентаваўшы экспартную палітыку прадпрыемства галоўным чынам на Расею. Адзінае, у чым бачыць небясьпеку спадар Суманееў, — гэта нестабільнасьць беларускага заканадаўства, асабліва ў дачыненьні да вытворцаў.

Увогуле беларускую эканамічную сытуацыю Юры Суманееў лічыць стабільнай, ды мяркуе, што досьвед дзейнасьці “абноўленага” расейска-беларускага “Белвесту” будзе вывучацца іншымі расейскімі інвэстарамі, якія таксама мяркуюць прыйсьці на беларускі рынак.

Шараговых віцяблянаў — спажыўцоў “белвестаўскага” абутку — зьяўленьне новага расейскага інвэстара ўзрадавала мала: яны непакояцца, ці ня пойдзе цяпер абутковая плынь цалкам на Расею, абмінаючы беларускія крамы.