ТЫПОВЫ ТУТЭЙШЫ — ФАДЗЕЙ БУЛГАРЫН

Валянціна Аксак, Менск

Зьяўленьне тому выбраных твораў Фадзея (сапраўднае Тадэвуш) Булгарына ў сэрыі гісторыка-культурных помнікаў незалежнага выдавецтва “Беларускі кнігазбор” выклікала цэлы шэраг пытаньняў чытачоў. Ім са школьных урокаў вядома пра гэтую асобу толькі адмоўная характарыстыка: рэакцыянэр, які перашкаджаў росквіту таленту Пушкіна, агент царскае таемнае паліцыі… Аднак сёньня мяняюцца адзнакі, асабліва, калі глядзець на заснавальніка і выдаўца першага расейскага пэрыядычнага літаратурнага часапісу не з Масквы, а зь ягонае радзімы, Беларусі.

Гаворыць рэдактар тому выбраных твораў Фадзея Булгарына Міхась Скобла:

(Скобла: ) “Булгарын з малых гадоў быў узгадаваны ў ліцьвінскім духу. Таму быў непажаданы і для палякаў, і для расейцаў. Дастаткова прыгадаць выпадак, калі расейскі генэрал Ферзін пытаецца ў малога Тадэвуша, кім ён хоча быць, калі вырасьце. І малы Тадэвуш адказвае ледзь ня словамі старой беларускай песьні: “Пайду да дзядзькі Касьцюшкі, рубаць буду маскалюшкі”. Адным словам, Фадзей Булгарын — тытовы тутэйшы, своеасаблівы купалаўскі Мікіта Зносак зь літаратурным талентам”.

Чым цікавыя творы расейкага выдаўца-камэрсанта і крытыка-тэарэтыка XIX стагодзьдзьдзя Фадзея Булгарына для сучаснага беларускага чытача?

(Скобла: ) “Па-першае, вельмі цікавыя ўспаміны Булгарына, успаміны тых часоў, калі ён яшчэ жыў у Беларусі. Яны цікавыя сваім этнаграфізмам, сваім калярытам эпохі. Ня так шмат у нас за тыя часы засталося літаратурных помнікаў. А па-другое, цікавыя тым, што аўтар быў чужы як у Варшаве, так і ў Маскве”.

Творы апалячанага ліцьвіна, які ўвайшоў у гісторыю расейскае літаратуры, надрукаваныя на радзіме ўпершыню. І надрукаваныя на мове арыгіналу. Чаму? Да гэтага “Беларускі кнігазбор” друкаваў у тамах выбраных твораў толькі асобныя расейскамоўныя тэксты: лісты расейскім адрасатам, афіцыйныя дакумэнты, артыкулы для расейскага друку. Вось што адказаў на гэтае пытаньне Міхась Скобла:.

(Скобла: ) “Рэч у тым, што калі расейскамоўныя творы Булгарына перакласьці ў беларускую мову, то страціцца сам тыпаж, страціцца той імідж вакол асобы Булгарына, зь якім ён зросься, як гарбун са сваім гарбом. Калі яго перакласьці ў беларускую мову, то ён ня будзе цікавым”.

Уклаў том вядомы філёляг і палітоляг Аляксандар Фядута, а спрыяла выданьню былая старшыня Нацбанку Беларусі Тамара Віньнікава.