20 ГАДОЎ ТАМУ ВЫЛУЧЫЛІ ВІРУС СНІДУ

Ул. інф.

Паводле афіцыйнай беларускай статыстыкі, у Беларусі хворыя на СНІД зьявіліся пазьней, чым на Захадзе, не ў 1983 годзе, а ў 1987-м. Што да 1983 году, то ў часе сустрэчы заходненямецкіх журналістаў з тагачасным міністрам аховы здароўя БССР, той у адказ на пытаньне пра СНІД заявіў, што такой хваробы ў савецкай Беларусі ня можа быць, бо ў грамадзтве адсутнічаюць канкрэтныя групы рызыкі.

Аднак потым, праз шмат гадоў знаёмыя лекары-інфэкцыяністы паведамілі, што ўжо тады ў шпіталі на вуліцы Крапоткіна зь Менску лекаваліся першыя хворыя. Гэта былі дзьве валютныя прастытуткі, якія да таго ж выконвалі даручэньні кампэтэнтных структураў. Адна з жанчын працавала ў Жлобіне, на будаўніцтве БМЗ. Гэтая будоўля вялася з удзелам вядомых заходніх кампаніяў. Другая жанчына працавала кансьержкай у гатэлі “Юбілейны”, і ёй таксама даручаліся кантакты з надзвычай адказнай замежнай кліентурай. Трэба дадаць, што гэтыя хворыя паступілі ў шпіталь зь ВІЧ-інфэкцыяй, але ж памерлі ад СНІДу. Дарэчы, калі браць статыстыку памерлых, якая вядзецца ад 1987 году, то за гэтыя 16 гадоў у Беларусі памерла болей за 350 чалавек. А ўсяго ВІЧ-інфікаваных больш як 5 тысяч чалавек.

Якая ж розьніца паміж хворымі на ВІЧ (вірусны імунадэфіцыт чалавека) і на СНІД? Калі спрошчана, то ВІЧ – гэта першасная інфэкцыя, а СНІД – другасная, калі ў хворага пашкоджаная значная большасьць імунных клетак. Калі пры ВІЧ і тым жа САРСе застаецца некалькі соцень здаровых імунных клетак з тысячы, то пры СНІДзе ўсяго толькі 30. Такім чынам, сапсаваная ўся сыстэма ўнутраных органаў. Вельмі істотны момант: калі заходнім мэдыкам у выніку удалай тэрапіі ўдалося расьцягнуць пэрыяд паміж ВІЧ і СНІДам дзесьці гадоў на 20 і болей, то ў той жа Беларусі гэты пэрыяд значна карацейшы – як правіла, 5-6 гадоў.

20 траўня ўвечары БелаПАН перадаў пра адмысловую праграму ААН па ВІЧ і СНІДу ў Беларусі. Яе нацыянальным паслом стаў тэнісіст Максім Мірны. Мірны заявіў, што мае намер заняцца зборам сродкаў у фонд барацьбы з гэтым захворваньнем. Гэта будзе асьветніцкая акцыя.

Фору на 20 гадоў жыцьця ВІЧ-інфікаваным можа даць толькі пасьпяховая антывірусная тэрапія. Беларуская дзяржава апошні час эканоміць на любым лекаваньні. Што да канкрэтнай праблемы, то нядаўна ў Беларусі быў расфармаваны Цэнтар СНІДу пры Інстытуце мікрабіялёгіі. У выніку дзяржава не атрымала 20 мільёнаў даляраў, якія зьбіраўся выдаткаваць Цэнтру ў гэтых мэтах Усясьветны банк. Паводле афіцыйных зьвестак, лекаваньне ўсяго толькі аднаго ВІЧ-інфікаванага пацыента каштуе 15 тысяч даляраў ЗША на год. Цяпер такіх грошай у краіне няма.