10 ГАДОЎ ІСНАВАНЬНЯ МАБІЛЬНАЙ СУВЯЗІ Ў БЕЛАРУСІ: УМОВЫ НАРЭШЦЕ НАГАДВАЮЦЬ РЫНКАВЫЯ

Юры Сьвірко, Менск

Каля 6% усяго насельніцтва Беларусі маюць мабільныя тэлефоны. У менскім гарадзкім транспарце ўжо ня так падазрона рэагуюць на званкі сотавых апаратаў, як гэта было пяць гадоў таму. Тады “мабільнік” ад кампаніі “БелСел”, які каштаваў амаль 2 тысячы даляраў, быў прыкметаю багатага чалавека, сёньня мабільнымі тэлефонамі трох розных фірмаў-апэратараў карыстаецца шмат студэнтаў.

Першы апэратар “БелСел” цяпер апынуўся ў аўтсайдэрах, маючы каля 20 тысяч абанэнтаў. Прыблізна 480 тысяч налічвае кліенцкая база фірмы “Velcom”, і яшчэ больш за 100 тысяч карыстальнікаў сабрала кампанія “МТС”.

Мабільная сувязь ня ёсьць адзінай рынкавай галіною беларускай эканомікі, мяркуе генэральны дырэктар супольнага прадпрыемства “БелСел” Арцём Оранж. Аднак на прэсавай канфэрэнцыі з нагоды 10-годзьдзя ягонай фірмы ён заявіў:

(Оранж: ) “Што да мабільнай сувязі, дык тут кожны з вас бачыць тую канкурэнтную барацьбу, тое разьвіцьцё сытуацыі, якое мае месца. У першую чаргу, усё гэта адбываецца на карысьць абанэнтаў. Гэтага адмаўляць нельга. Зьяўленьне новых тарыфных плянаў, зьяўленьне новых, больш цікавых прапановаў, зьяўленьне новых тэхналёгіяў і новых паслуг, — гэта й ёсьць праяваю рынкавасьці галіны мабільнай сувязі ў рэспубліцы, якую адчувае кожны ўладальнік мабільнага тэлефону”.

Шмат хто мяркуе, што кампанія “БелСел” зь яе вельмі высокімі тарыфамі на аналягавыя, ня лічбавыя тэлефоны першыя 5 гадоў была тормазам у разьвіцьці мабільнай сувязі Беларусі. Але кіраўніцтва кампаніі кажа, што не яно затрымлівала выдачу ліцэнзіяў канкурэнтам, а яшчэ ў пэўнай ступені тормазам можна лічыць і фірму “Velcom”, якая да прыходу “МТС” была манапалістам на рынку лічбавай мабільнай сувязі.

Я папрасіў спадара Оранжа параўнаць беларускую сытуацыю, напрыклад, з суседняй Літвой.

(Оранж: ) “Дынаміка разьвіцьця рынку мабільнай сувязі ў нас у рэспубліцы істотна пераўзыходзіць тое, што калі б там ні было бачыла наша паўночная суседка. Зьвязана гэта і з тым, што насельніцтва ў нас усё ж такі пабольш — ужо ўстрымаюся ад параўнаньня платаздольнасьці, — і тым, што ўласна тарыфы на мабільную сувязь у нас у рэспубліцы істотна больш даступныя. Тэмпы росту ў нас пераўзыходзяць тэмпы росту рынку мабільнай сувязі ў нашых паўночных суседзяў, тэмпы пранікненьня, напэўна, хутка дасягнуць узроўню, дасягнутага ў Прыбалтыцы”.

У іншай суседняй дзяржаве Латвіі, дзе да кампаніі “БелСел” працаваў Арцём Оранж, першы апэратар мабільнай сувязі “LMT” мае больш за 500 тысяч абанэнтаў, а другі, “Tele2” — крыху менш. Агульная колькасьць абанэнтаў набліжаецца да мільёну. А насельніцтва Латвіі ў чатыры зь лішнім разы меншае за насельніцтва Беларусі. Самае цікавае — дзейных мабільных нумароў у Латвіі ўжо больш, чым “звычайных” — стацыянарных. І тарыфы за карыстаньне хатнім і мабільным тэлефонам амаль аднолькавыя. Некаторыя латвійскія пэнсіянэры адмаўляюцца ад звычайных тэлефонных лініяў і пераходзяць на мабільнікі.

У Менску ж кіраўніцтва гарадзкой тэлефоннай сеткі заўляе: апэратары сотавай сувязі нам не канкурэнт, бо абанплата за хатні тэлефон толькі 975 рублёў, а за мабільнік — як мінімум у 10 разоў больш. Сталічныя тэлефаністы да таго ж пачалі рэклямаваць свае радыётэлефоны сыстэмаў “Вілія” і “Алтай”, якія могуць у Менску й прыгарадзе замяняць мабільныя. Каштуюць гэтыя пераносныя тэлефоны разам з падключэньнем каля 600 тысяч рублёў. Такім чынам, у сталіцы ёсьць і чацьверты апэратар мабільнай сувязі.

Менавіта гарадзкая тэлефонная сетка карыстаецца ў шэрагу службаў беларускай мовай — напрыклад, аўтаадказьнікі часу і надвор’я. А тры сотавыя апэратары беларускамоўных карыстальнікаў проста ігнаруюць.