ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 19 ТРАЎНЯ

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Звезда”, 1923 год, галоўны рэдактар Нодэль:

“Прыватны гандляр, кустар перажывае крызыс і не часовы, а, што называецца, на сьмерць. І тут ня толькі падаткі дзейнічаюць — у няменшай ступені дзейнічае і каапэрацыя. Яна яшчэ слабая на вёсцы, але вельмі моцная ў гарадах. І ў Бабруйску, і ў Слуцку яна штодня давіць каго-небудзь са сваіх канкурэнтаў. Крамы адкрываюцца і хутка закрываюцца. І ў Бабруйску, і ў Слуцку ёсьць цэлы шэраг крамаў, закрытых за гэтае лета. Тут, зразумела, дзейнічаюць і агульнаэканамічныя прычыны — таваразварот скараціўся істотна, аднак той факт, што гэты скарочаны таваразварот б’е перш за ўсё па прыватнаму гандляру, — факт, безумоўна, цікавы і для нас надзвычай павучальны”.

“Віцебскі пралетары”, 1933 год, тэлеграма “Паравозьнікі стрымалі сваё пралетарскае слова”:

“Улічваючы ўсю важнасьць і значэньне рэалізацыі пазыкі “Першага году другой пяцігодкі”, рабочыя, ІТР і службоўцы паравознага дэпо Віцебску на падставе шырока разгорнутай масавай работы і сацспаборніцтва пад кіраўніцтвам партарганізацыі на 18 мая, 12 гадзінаў дня завяршылі рэалізацыю пазыкі з 100-працэнтным ахопам (1038 чалавек) на суму 196 860 рублёў, што складае 104,4 працэнта да месячнага фонду зарплаты. Забавязваемся замацаваць за сабой пяршынства па фінрабоце і захаваць за сабой Чырвоны пераходны сьцяг газэты “Віцебскі пралетары” Няхай жыве бальшавіцкая партыя на чале зь любімым правадыром пралетарыяту тав.Сталіным!”

“Советская Белоруссия”, 1963 год, карэспандэнт БелТА з Баранавічаў:

“Моцная дружба ўсталявалася паміж вучнямі Баранавіцкай школы №10 і Героем Савецкага Саюзу лётчыкам-касманаўтам Юрыем Аляксеевічам Гагарыным. Піянэрская дружына носіць імя першага заваёўніка космасу. Навучэнцы добрай і выдатнай вучобай, удзелам у грамадзка-палітычнай працы імкнуцца апраўдаць ганаровае імя сваёй дружыны. Нядаўна разам зь лістом піянэры даслалі Юрыю Аляксеевічу падарунак — беларускія казкі й вялікую ляльку для дачок. І вось у школу прыйшоў адказ. Юры Гагарын даслаў вучням свой партрэт з подпісам. У лісьце ён піша: “Сардэчны дзякуй за ўвагу і падарунак, які вы скіравалі маім дачкам… Жадаю добрага здароўя і шчасьця, посьпехаў у вучобе. Юры Гагарын, лётчык-касманаўт”.