Нягледзячы на тое, што Беларуская рэспубліканская піянэрская арганізацыя плянавала шэраг сьвяточных імпрэзаў з нагоды гэтак званага Дня піянэрскага сяброўства, некалі галоўная сьвятыня беларускіх піянэраў — помнік Марату Казею ў менскім парку Горкага, уражвала сваёй закінутасьцю. Пляцоўка вакол гранітнага піянэра-героя зарасла дзьмухаўцамі; няма звыклай колісь ганаровай вахты, ніводнай кветкі ля помніка, ніводнага прадстаўніка ўжо ўзгаданай піянэрыі. Зрэшты, і пра дзень заснаваньня піянэрскай арганізацыі мала хто памятаў наогул: нават прадстаўнікі сталага пакаленьня ўпэўненыя, што зараз каштоўнасьці мусяць быць іншыя.
(Спадарыня: ) “Чалавек мусіць быць вольным. Калі ён вольны, у яго нараджаюцца свае думкі, незалежныя. Мы, натуральна, выхоўваліся ў часы, калі ўсё было паводле схемы: трэба рабіць так, а ня гэтак. І ўсе паступова да такой хады жыцьця прызвычаіліся. Але я хоць і сталага веку, лічу: што чалавек хоча, няхай тое і робіць, — не парушаючы закону. Закон парушаць нельга: забіваць нельга, рабаваць. А ўсё астатняе, найперш, вольна выказваць думкі, — неабходна. Кожны сам мусіць выбіраць прафэсію, сваю жыцьцёвую пазыцыю, каб ніхто яму не навязваў іншыя ідэі. Звычайна мы, дарослыя людзі, хочам, каб дзеці рабілі тое, чаго мы жадаем. Але нельга так”.
У шэрагу школаў мерапрыемствы з нагоды Дня піянэрскага сяброўства ўсё ж адбыліся. Найперш, у піянэры прымалі вучняў трэціх-чацьвертых клясаў. Масавасьці, праўда, не было, бо бацькі да рэанімацыі піянэрскага руху ставяцца ў бальшыні сваёй насьцярожана, і ў клясах зрэдку бывае больш за 5-6 вучняў, якія носяць чырвона-зялёныя гальштукі. Дарэчы, з гэтай нагоды маюць месца пэўныя непаразуменьні сярод дзяцей. Самі настаўнікі прызнаюць, што непіянэры паступова дыстанцыюцца ад пазначаных гальштукамі аднакласьнікаў. Дарослыя гэтаксама ня маюць адзінага адказу на пытаньне: ці можна вярнуць ідэалёгію савецкіх часоў праз спробы аднаўленьня атрыбутаў таго часу:
(Мінак: ) “Мы былі ўсяго толькі шараговымі ўдзельнікамі тых падзеяў. Але што я мог зрабіць пацаном — сказаць: “Не, ня буду, не хачу!”. Вось калі надышоў час ісьці ў камсамол, я сказаў: “Не пайду!”. Хоць у мяне і бацька быў знакаміты лекар, хірург, але калі я яму сказаў, што камсамольцам ня буду, ён на мяне зароў: “Ты ж мяне падводзіш. Я побач з Машэравым, зь ягоным атачэньнем, а ты такі-растакі”. А я ўпёрся: ня буду, і ўсё. І дзеці мае таксама ў камсамоле не былі”.
Па сутнасьці, сёньняшнія піянэры мала чым розьняцца ад піянэраў савецкага ўзору. Тыя ж лёзунгі (“Да справаў на карысьць Радзімы — будзь гатовы!”), тыя ж праграмныя акцыі (кшталту “Грамадзянін краіны Піянэрыі”). Ды й колькасьцю ўдзельнікаў арганізацыя толькі ўтрая меншая, чым у лепшыя для яе гады (300 тысяч зараз супраць 900 тысяч 25 год таму).
Але пры ўсім гэтым мала хто зараз верыць у тое, што піянэры — гэта ўсур’ёз і надоўга.