“ДОН КІХОТ” ЛАГОЙШЧЫНЫ — ЛЯВОН ВАЛУЙ

Севярын Квяткоўскі, в.Выгар—Менск

Вёска Выгар. Паўночна-заходняя Лагойшчына на мяжы зь Віцебскай вобласьцю і Вялейскім раёнам. 2–3 дзясяткі дамоў, збольшага занядбаных. Калі можна пабачыць маладога чалавека — гэта мянчук, які прыехаў на выходныя да састарэлых сваякоў. Адзін зь нямногіх людзей працаздольнага веку — Лявон Валуй.

Лявон любіць фатаграфаваць гасьцей з такога ракурсу, калі за сьцягам бачнае гняздо з бусламі. Буслоўня, а пад ёй і шпакоўня, месьціцца акурат побач з флагштокам, на адным роўні са сьцягам. Цяперашні гаспадар буслоўні калісьці птушанём выпаў на зямлю, на двор. Лявон з жонкай Тамарай выкармілі бусьляня і нават навучылі лётаць. Распавядае Лявон Валуй:

(Валуй: ) “Кармілі яго ледзь не зь піпэтачкі, малаком адпойвалі, яйкі курыныя давалі. Усіх жабаў дзеці пералавілі ў сажалках — яму. Прачынаўся раніцай — дзюбай у акно: давай есьці!”

З жонкай Тамарай Лявон Валуй пазнаёміўся пасярод натоўпу. Маючы складаны лёс, дарослых дзяцей, яны знайшлі адзін аднога некалькі гадоў таму на мітынгу. Тамара прыгадвае рэакцыю сябровак:

(Тамара: ) “Томка, ты такая шчасьлівая! Вось толькі ты магла так пазнаёміцца”.

Архітэктар-рэстаўратар з адукацыі, Тамара, як і Лявон, вялікую частку жыцьця правяла па-за межамі Беларусі. Тмара жыла ў Літве, а Лявон пражыў васямнаццаць гадоў у Эстоніі, дзе займеў шэраг рабочых прафэсіяў. На лёсавызначальным для супругаў мітынгу пратэсту Тамара была ці не ўпершыню. Вось ейныя словы пра бел-чырвона-белы сьцяг:

(Тамара: ) “Пабачыла даўна, але адчула яго, і па-сапраўднаму зразумела, што гэта такое, гэта вось зь Лявонам”.

Лёс бел-чырвона-белага сьцяга складаны ня толькі для ўсёй краіны, але нават для прыватнай тэрыторыі Лявона Валуя:

(Валуй: ) “Прыехаў мой сябра з Лагойску, мы паднялі гэты сьцяг. Мы тут пасядзелі нармальна. Ноччу невядома хто прыехалі, зачапілі трактарам дзяржак, сарвалі й зьнесьлі яго…”

Гэта здарылася ў 1995 годзе. А неўзабаве прыехаў падпалкоўнік з Лагойскага раённага аддзелу міліцыі, старшыня сельсавету, і таемна, у адсутнасьць гаспадара зьнялі сьцяг. Лагойскі суд не прызнаў дзеяньні службоўцаў правамоцнымі. Сёньня ўжо няма сярод жывых таго падпалкоўніка, старшыня не пры справах, а над камінам ва ўтульным доме Валуя вісіць “Пагоня”, тая, што была вернутая наўзамен скрадзенага сьцяга.

Сваю пазыцыю Лявону даводзіцца адстойваць штораз. Кажа лагойскі сябра Валуя Міхал Жолуд:

(Жолуд: ) “Найперш у ім кідаецца ў добрым сэнсе апантанасьць беларускай справай. Балюча перажывае, што ў нас робіцца цяпер. Чалавек-змагар”.

Па дыяганалі ад дома Валуя жыве васьмідзесяцідвохгадовая баба Воля. Суседка, як той казаў, усё ведае і ўсё бачыць. Вось гісторыя сутычкі Лявона Валуя з сваім далёкім сваяком Сяргеем:

(Баба Воля: ) “Вісіць гэты флаг, едзе гэты Сяржук. Кажуць, што “Лёнік, як табе ня стыдна, здымі ты гэту трапку, не пазор ты нашай радні”. Ён доўга ня думаючы, узяў за жардзіну — калоціць па галаве. Разьбіў, тры швы налажылі”.

(Карэспандэнт: ) “Хто каму?”

(Баба Воля: ) “Ён — траюраднаму брату! Гэты самы, бэнэфіст”.

Баба Воля адная з многіх аднавяскоўцаў ды наагул жыхароў раёну, якая асуджае пазыцыю Лявона Валуя:

(Баба Воля: ) “Бацька быў прасты мужык, маці тожа — у калхозе работалі. Ну а ён у БНФе — во, флаг вісіць, і ўсё… Я зь ім усягды ругаюся. …Нікому не падчыняўся. Ён сам сабой. Што надумаецца, тое й творыць. Што яму ўздумаецца”.

Баба Воля прыгадвае дыскусіі, якія пэрыядычна ўзьнікаюць між вяскоўцамі й Валуем:

(Баба Воля: ) “І давай крытыкаваць расейскіх. Як ужо Расея, якія яны ўжо ніякія людзі. Тут мяне заскрабло. Я тады як мацюкну з апошніх слоў: “Лёня, — кажу, — дык ты, — кажу, — гультай. Ты ж нахлебнік Лукашэнкаў. Ты ж нідзе ня робіш. А чым ты жывеш?..”


* * *
Пры доме Лявон Валуй мае гектар зямлі. Нядаўна для яго скончылася гарачая пара — прадаваў саджанцы пладовых дрэваў, якія вырасьціў разам з жонкай.

А яшчэ праз доўгую барацьбу зь сельсаветам Лявон Валуй атрымаў дзесяць гектараў зямлі.

(Валуй: ) “Вось мой участак: рэчка, луг, далей лес за гэтым лугам”.

(Карэспандэнт: ) “Што бы вы хацелі, чым тут займацца?”

(Валуй: ) “Я бы хацеў закласьці сад. Гектары чатыры саду”.

Цяперашняя эканамічная сытуацыя не дазваляе разгарнуцца фэрмэру Валую. Цяпер цяжка ўзяць крэдыт. Зямля стаіць, але Лявон не пакідае мары:

(Валуй: ) “Трэба жыць на гэтай зямлі. Быць арганічна зьвязаным зь ёю. Паставіць сядзібу, як гэта ў людзей”.

Як да гаспадара, вяскоўцы ставяцца да Лявона з павагай. Гутару зь дзедам Васілём:

(Дзед Васіль: ) “Ён жа так, нічога… Стараецца, работае”.

(Карэспандэнт: ) “Ну а як Вы лічыце, фэрмэрства — гэта добра, ці не?”

(Дзед Васіль: ) “Канечне! Абы расло! А што наш калхоз? Да ручкі… Во, усё бур’янам. Нічога ня сеюць, няма прадсядацеля”.

А вось палітычныя перакананьні Валуя выклікаюць сумнеў у дзеда Васіля:

(Дзед Васіль: ) “БНФ — гэта, знаеце, арганізацыя такая… Яны ж проці правіцельства, проці Лукашэнкі. Народ ізьбіраў, прагаласавалі за яго”.

Зрэшты, нельга сказаць, што Лявон Валуй жыве й працуе ў атачэньні ворагаў…

(Сусед: ) “У нас тут свой чалавек. Тут і яму памогуць, і ён паможа”.

Вось меркаваньне пра бел-чырвона-белы сьцяг суседкі — бабы Веры:

(Баба Вера: ) “А па мне, дык хай ён хоць дзесяць павесіць, сотню няхай павесіць. Гэна мне не мяшае. Ён на сваім двары хай што хоча, тое й робць. Для мяне ён харошы. Ня знаю, як для каго, а для мяне ён — харошы”.

Баба Вера атрымлівае інфармацыю з “Радыё Свабода” — Лявон настроіў прыймач. Для самаго Лявона Валуя газэта “Наша Ніва” і “Радыё Свабода” — адзіныя крыніцы, якімі ён карыстаецца, каб даведацца пра беларускія падзеі. На ўвесь падворак Лявона Валуя грае “Радыё Свабода”:

(Вядоўца: ) “У Менску 19 гадзінаў 30 хвілінаў. У праскай студыі далей Ганна Соусь, у эфіры навіны…”

(Карэспандэнт: ) “Бачу, што дом, хоць і невялікі, але адчуваецца стылістыка нетыповая, што да суседніх дамоў. Можа дзесьці што ў Эстоніі падгледзелі?”

(Валуй: ) “Пэўна, так. Канечне. Там увага да падворку ва ўсіх эстонцаў. У прынцыпе, там вельмі высокая культура побыту. Там ёсьць чаму павучыцца”.


* * *
Менавіта ў Эстоніі Лявон Валуй спрычыніўся да ідэі беларушчыны, і менавіта праз радыё Лявон пачаў сваю справу адраджэнца…

(Стужка: ) “А сегодня мы приглашаем к радиоприёмникам белорусов. Кто не забыл родной язык, кто хочет его вспомнить. Начинаем програму на белорусском языке…”

(Голас Валуя: ) “Гаворыць Талін. Упершыню на хвалях эстонскага радыё “Бацькаўшчына” — аднагадзінная праграма на беларускай мове пра Беларусь, для беларусаў. Ля мікрафону ў студыі Лявон Валуй і Сяргей Сотчанка”.

Гэта архіўны запіс 1990 году. Штотыднёвая праграма для беларусаў трывала два гады. Вось урывак самага першага запісу, які прагучаў у праграме “Бацькаўшчына”:

(Вінцук Вячорка: ) “…Слова мае народны дэпутат Беларусі, старшыня Сойму Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк”.

(Зянон Пазьняк: ) “Паважаныя суайчыньнікі, паважаная грамада…”

Пачатак 1990-х — час вялікіх надзеяў: палітычных і культурніцкіх…

(Журналістка: ) “…З навінаў культуры. У Мазыры праходзяць канцэрты вядомых беларускіх рок-гуртоў і бардаў. Між тых, хто выступае ў Мазыры, рок-гурты “Мроя”, “Мясцовы Час”, выканаўца ўласных песень Кася Камоцкая. Спадзяюся, што ў хуткім часе слухачы беларускай праграмы ў Эстоніі змогуць спрычыніцца да творчасьці гэтых маладзёнаў”.

Лявон імкнуўся на радзіму, туды дзе адбывалася сапраўдная дзея, дзе на Лагойшчыне сябры, як і эстонцы, пачыналі дыхаць на поўныя грудзі. Праўда, калі эстонцы ўжо атрымалі фактычную незалежнасьць, беларусы мусілі ўздымаць свой сьцяг таемна. Прыгадвае сябра Лявона Міхал Жолуд:

(Жолуд: ) “Я памятаю, мы таксама сьцяг падымалі на коміне кацельні. 1990 год, на “наябарскія празьнічкі”. Залезьлі маладзейшыя хлопцы ўначы, паднялі. На заўтра раніцай іду, ён лунае, а людзі на дэманстрацыі. Шум паднялі! З вобласьці кагэбісты прыляцелі: ніхто ня хоча лезьці!.. Добры час такі, парывы такія”.

Лявон Валуй вярнуўся на радзіму ў 1992 годзе, поўны рашучасьці разам з аднадумцамі зьмяніць краіну:

(Валуй: ) “Такі запал, такая энэргія… Так верыў у тое, што ўсё пайшло. Мы таксама народ, мы таксама выкараскаемся з гэтай багны бяспамяцтва”.

Летась Лявон Валуй судзіўся супраць лагойскае міліцыі. Начальнік пашпартнага стала не хацеў браць дакумэнты, запоўненыя па-беларуску. Ужо больш за дзесяць гадоў, амаль сам-насам Лявон Валуй вымушаны бараніць сваё: свой сьцяг, сваю мову, сваю зямлю. Сябры, зь якімі пачынаў, збольшага адышлі ад справы. Лявон кажа пра тое, што й сам ён стаміўся змагацца зь “ветракамі абыякавасьці”:

(Валуй: ) “Няспынна адчуваеш патрэбу бараніць. Таму што мы жывем у такім сьвеце, у такой краіне, дзе разбурана ўсё”.

Але й сёньня, праз восем гадоў па рэфэрэндуме, над сядзібай лагойскага фэрмэра Лявона Валуя лунае бел-чырвона-белы сьцяг.