У БЕЛАРУСІ НАЙГОРШЫ Ў ЭЎРОПЕ СТАН З ПРАВАМІ ЧАЛАВЕКА, МЯРКУЕ АМЭРЫКАНСКІ КАНГРЭСМЭН

Віталь Тарас, Прага

На самым пачатку свайго выступу Крыстафэр Сьміт нагадаў аб тым, што 17 красавіка сёлета Камісія ААН па правах чалавека прагаласавала за рэзалюцыю адносна Беларусі. Гэтая рэзалюцыя, ініцыяваная ЗША, заклікае беларускія ўлады цалкам і аб’ектыўна расьсьледаваць інфармацыю аб датычнасьці вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў Беларусі да выкраданьня вядучых апазыцыйных асобаў і журналіста. У гэтай сувязі Крыстафэр Сьміт заявіў:

(Сьміт: ) “Я ўважліва сачыў за сытуацыяй ў Беларусі і ўсё больш пераконваўся ў нежаданьні беларускага рэжыму рэальна расьсьледаваць выпадкі зьнікненьняў. Тут, у Вашынгтоне, а таксама на сэсіях Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Парыжы й Бэрліне я сустракаўся з жонкамі бязь вестак зьніклых беларускіх апазыцыянэраў. Гэтыя людзі выклікалі агромністае спачуваньне. Выпадкі са зьнікненьнем і, як мяркуецца, забойствам іхных мужоў у 1999 і 2000 гадах як мага лепш дэманструюць прыроду рэжыму беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, які мае найгоршы ў Эўропе паказчык у галіне правоў чалавека на сёньняшні момант”.

Кангрэсмэн Сьміт паведаміў далей, што Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, які быў прыняты Камітэтам у міжнародных справах у якасьці разьдзелу адпаведнага Закону ЗША, прадугледжвае прыняцьцё санкцыяў супраць беларускага рэжыму да таго часу, пакуль ня будуць выкананыя пэўныя ўмовы, у тым ліку поўная справаздача адносна трагічных зьнікненьняў.

Крыстафэр Сьміт падкрэсьліў: “Беларускі народ заслугоўвае жыць у грамадзтве, у якім паважаюцца дэмакратычныя прынцыпы і правы чалавека, а таксама захоўваецца вяршэнства закону. Таму я лічу, што прыняцьцё рэзалюцыі Камісіі па правах чалавека ААН ёсьць важным крокам у гэтым кірунку”.