ВІЦЭ-ПРЭЗЫДЭНТ БЕЛАРУСКАЙ АСАЦЫЯЦЫІ ЖУРНАЛІСТАЎ АДЗНАЧАЕ, ШТО ЎЛАДЫ ЎЦІСКАЮЦЬ МЕНАВІТА ЛЕПШЫЯ РЭГІЯНАЛЬНЫЯ НЯЎРАДАВЫЯ ГАЗЭТЫ

Уладзімер Глод, Менск

(Карэспандэнт: ) “Спадар Гуляеў, якія яшчэ газэты, акрамя смаргонскай, дамагліся высокіх накладаў і карыстаюцца падтрымкай мясцовых жыхароў?”

(Гуляеў: ) “Такіх прыкладаў… я не скажу, што шмат, але яны ёсьць. Гэта “Газэта Слонімская” — вельмі прафэсійная газэта. Яна “падпірае” мясцовае афіцыйнае выданьне па накладу. Ёсьць “Рэгіянальныя ведамасьці” ў Горках — яны абагналі мясцовы “Ленінскі шлях” па накладу. Ёсьць “Барысаўскія навіны” з накладам 14 тысячаў асобнікаў і г.д. Я мог бы пералічыць дзесьці дзясятак–паўтара такіх мясцовых недзяржаўных выданьняў, якія больш па накладу, чым дзяржаўныя ці блізкія да іх”.

Я спытаў віцэ-прэзыдэнта БАЖ, за кошт чаго лепшыя недзяржаўныя мэдыі дамагаюцца такога посьпеху? Акрамя прафэсійнага майстэрства, спадар Гуляеў вылучае і магчымасьць недзяржаўных выданьняў прапаноўваць сваім чытачам аб’ектыўную інфармацыю.

(Гуляеў: ) “Што б там ні казалі і як бы ні выкручваліся нашыя калегі зь дзяржаўных выданьняў, але ж у іх ёсьць пэўныя шоры на вачах. Яны павінныя бачыць і адпаведна падаваць на старонках газэтаў, у эфіры радыё і тэлевізіі толькі тое, што патрэбна ўладам і ня бачыць таго, што ўладам не патрэбнае. Але ж людзі ўжо стаміліся ад такой аднабаковай інфармацыі”.

Віцэ-прэзыдэнт БАЖ таксама адзначыў, што апошнім часам ціск з боку ўладаў найбольш адчуваюць на сабе менавіта лепшыя рэгіянальныя незалежныя газэты. Прычым, паказальна, што перасьлед узмацняецца якраз у той момант, калі яны пачынаюць падрабязна асьвятляць жыцьцё суседніх раёнаў, дзе няма сваёй недзяржаўнай прэсы. Так было і з “Новай газетай Смаргоні”. Гаворыць АнатольГуляеў…

(Гуляеў: ) “Такія ж праблемы, напрыклад, у вельмі пасьпяховай газэты “Інтэкс-прэс” з Баранавічаў з накладам 16 тысячаў асобнікаў. Робіцца спроба распаўсюджвацца ў суседнія рэгіёны — Ляхавічы, Ганцавічы ды іншыя. Як толькі яны пачалі рабіць газэты–спадарожнікі, у іх таксама паўсталі праблемы. Ціск на сабе адчуваюць у апошнія месяцы менавіта пасьпяховыя праекты недзяржаўных газэтаў”.