Субота.
“Тры пятыя. Перадача пра нямецкія могілкі”.
У сьвяточныя майскія дні ў Беларусі як ніколі шмат разважаюць пра тое, ці варта дазваляць Народнаму зьвязу Нямеччыны догляду за вайсковымі могілкамі распачынаць працу перазахаваньня парэшткаў былых салдатаў вэрмахту. У чарговай перадачы з сэрыі "Тры пятыя" ідзе размова пра стаўленьне да гэтага пытаньня уладаў, ветэранаў, звычайных жыхароў, немцаў. Праграму падрыхтаваў і вядзе Аляксандар Уліцёнак
“Сымбаль веры”.
Пасьля чарговага тэракту ў сьвеце ўздымаецца хваля абурэньня ісламскім тэрарызмам. У адказ гучаць аргумэнты, што нельга гаварыць пра “ісласкі” тэрарызм, гэтак, як не гаворыцца пра “ хрысьціянскі” тэрарызм, напрыклад, у Паўночнай Ірляндыі. Аднак тэрарысты-самагубцы спасылаюцца менавіта на іслам, і лічацца ня проста “героямі”, але “шагідамі” - пакутнікамі за веру.
Рэлігійным аспэктам самагубчых тэрактаў прысьвечаны чарговы выпуск перадачы “ Сымбаль Веры”. Аўтар Кастусь Бандарук
Нядзеля.
“Праскі акцэнт”
Прайшло 58 годаў з дня перамогі ў Другой Усясьветнай вайне і месяц – з дня заканчэньня вайны ў Іраку. Права на вайну, наступствы абедзьвюх войнаў для міжнароднага права, увогуле для пабудовы сьвету, спадчына перамогі 1945 году – на гэтыя тэмы разважаюць у “Праскім акцэнце” пісьменьнік Васіль Быкаў, нямецкі журналіст Райнгард Лаўтэнбах і расейскі палітоляг Дзьмітры Фурман. Зь імі гутарыць Юры Дракахруст
“Вольная студыя”
Пад акампанэмэнт дудаў, створаных майстрам і музыкам Алесем Ласём, запісаны ўжо не адзін дзясятак музычных альбомаў. Да выданьня ўласных твораў да нядаўняга часу не даходзілі рукі, як у таго краўца, што век хадзіў бяз ботаў. І вось днямі зьявіўся кампакт-дыск — песьні Алеся Лася на вершы Ларысы Геніюш, прэзэнтацыя якога адбылася ў Гальшанскім гістарычным музэі. Алесь дзесяць гадоў вандраваў па цэнтральнай і заходняй Эўропе ды ўрэшце вярнуўся ў Беларусь і стала пасяліўся на закінутым лясным хутары пад Ракавам. Там ён мэдытуе, развучвае старадаўнія танцы з моладзьдзю, а ў вольны час даглядае баброў і чорных дзятлаў... З Алесем Ласём гутарыць Міхась Скобла
“Беларускі дыялёг на Інтэрнэце”.
Сайт www.pesnyary.com быў сёлета адзначаны адмыслоўцамі як лепшы сайт 2002 году ў беларускім сеціве. За час свайго існаваньня гэтая старонка ў Інтэрнэце сталася, фактычна, міжнародным клюбам ня толькі для аматараў легендарнага гурту, але й проста добрай музыкі. Некаторыя архіўныя запісы з гэтага сайту вы пачуеце ў чарговым выпуску перадачы Беларускі дыялёг на Інтэрнэце. Сярод іншых тэмаў перадачы – дзе знайсьці інфармацыю ў сеціве пра нетыповую пнэўманію, якая атрымала назву САРС. Аўтар – Віталь Тарас