(Валер Карбалевіч: ) “У Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі аб’яўлена аб намеры стварыць новы аб’яднаны прафсаюз працаўнікоў прамысловасьці. Складваецца ўражаньне, што за гэтай, здавалася б, звычайнай інфармацыяй стаяць відавочныя палітычныя мэты.
Прафсаюзны пераварот мінулага году, у выніку якога ФПБ узначаліў намесьнік адміністрацыі прэзыдэнта Леанід Козік, не зьнішчыў поўнасьцю незалежныя структуры ў Фэдэрацыі. Зачыстка прафсаюзаў ад незалежных прафсаюзных дзеячоў зацягнулася на цэлы год. У выніку яе быў вызвалены ад пасады кіраўнік прафсаюзаў АПК спадар Ярашук.
Вядома, што на ідэалягічным сэмінары 27 сакавіка Аляксандар Лукашэнка даў міністру прамысловасьці два месяцы на выдаленьне з ФПБ усіх, хто ня згодны зь ягонай палітыкаю. Таксама вядома, што прафсаюз сельскагаспадарчага машынабудаваньня на чале з Алясандрам Бухвоставым і прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці на чале з Генадзем Фядынічам заплянавалі на канец траўня мітынг пратэсту супраць пагаршэньня сацыяльна-эканамічнага стану ў краіне.
І вось цяпер плянуецца аб’яднаць 10 галіновых прафсаюзаў у адзіны прафсаюз прамысловасьці. Ужо створаны аргкамітэт. Аб’яднаўчы зьезд павінен адбыцца 27 траўня. І калі ствараецца адзін прафсаюз прамысловасьці, то ліквідуюцца ўсе галіновыя прафсаюзы, у тым ліку прафсаюз Бухвостава і прафсаюз Фядыніча. Якія палітычныя мэты схаваныя за гэтым плянам?”
(Генадзь Фядыніч: ) “Ідэя стварэньня прафсаюзаў прамысловасьці ня новая. Ужо два гады таму яна абмяркоўвалася ў галіновых прафсаюзах. Тады быў створаны аргкамітэт і абраныя дэлегаты на аб’яднаўчы зьезд. Але тут адбылася зьмена кіраўніцтва ФПБ, і новая прафсаюзная ўлада пачала правяраць сьпісы дэлегатаў гэтага зьезду. Кіраўніцтва фэдэрацыі хоча ўзяць новую структуру пад свой кантроль. Аб дэмакратычным працэсе тут не ідзе размовы.
Таму прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці й шэраг іншых галіновых прафсаюзаў прыпыніў усялякую працу на аб’яднаньне. Мы вырашылі працаваць у ранейшым фармаце. А ў 2005 годзе заканчваюцца пяцігадовыя паўнамоцтвы кіраўніцтва галіновых прафсаюзаў. І тады ўжо магчымае аб’яднаньне. Але ўсе лідэры галіновых прафсаюзаў выказалі думку, што падчас аб’яднаньня не павінна быць ніякага ціску ні з боку дзяржаўнай улады, ні з боку кіраўніцтва ФПБ. Усё павінна быць дэмакратычна, кожны сябра прафсаюзу сам павінен вырашыць, ці хоча ён застацца ў галіновым прафсаюзе, ці выступае за аб’яднаньне.
А цяпер атрымалася так, што спадар Козік сабраў лідэраў так званых “жоўтых” прафсаюзаў. І яны павінны стаць пачаткам новага аб’яднанага прафсаюзу прамысловасьці. Таму тут няма ніякай размовы аб дэмакратыі, незалежнасьці прафсаюзаў. І ніхто там ня думае аб працоўных, аб іх заробках. А думаюць толькі пра тое, як падпарадкаваць галіновыя прафсаюзы кіраўніцтву ФПБ, зрабіць іх паслухмянымі, пастроіць у адзін шэраг”.
(Аляксандар Ярашук: ) “Кіраўнік дзяржавы дае даручэньне міністру прамысловасьці разабрацца зь лідэрамі непаслухмяных прафсаюзаў. Напэўна, міністар так добра вырашыў усе пытаньня з прамысловасьцю, што засталося толькі разьбірацца з прафсаюзамі. Сам факт такого даручэньня Лукашэнкі здымае ўсе пытаньні. Улада хоча пазбавіцца ад незалежных прафсаюзных дзеячоў.
Хачу выказаць словы падтрымкі й майму суразмоўцу, сябру і паплечніку Фядынічу, і Бухвоставу. Я, магчыма, лепш за каго іншага разумею, у якім стане яны апынуліся. Таму што сам праз усё гэта прайшоў.
Мы чарговы раз абмяркоўваем тую вайну, якая ад імя кіраўніка дзяржавы вядзецца супраць прафсаюзаў. Чым бы ўсё ні закончылася на гэты раз, я абсалютна ўпэўнены ў тым, што ўсё роўна немагчыма перамагчы надзею людзей на свабоднае жыцьцё. І рана ці позна гэта ўсё закончыцца”.
(Карбалевіч: ) “Кіраўніцтва ФПБ ужо спрабавала выціснуць з фэдэрацыі вас, спадар Фядыніч, і Бухвостава. Але гэтыя спробы закончыліся няўдала. Ці ўдасца рэалізаваць гэты плян на гэты раз? Ці ёсьць нейкі супраціў, апазыцыя ў ФПБ гэтаму пляну?”
(Фядыніч: ) “Гладка ў спадара Козіка не атрымаецца. У нас сёньня ёсьць шэраг першасных арганізацыяў, якія пойдуць з намі да канца. І ня дзеля таго толькі, каб падтрымаць нас. Проста многія ўжо зразумелі, якімі павінны быць сапраўдныя прафсаюзы. Яны павінны залежаць толькі ад сяброў прафсаюзу і больш ні ад каго.
Спадар Козік не зразумеў, што прафсаюзная дзейнасьць — гэта не кабінэтная праца. Трэба празь дзень бываць у працоўных калектывах. Там усё вырашаецца, а не ў будынку Фэдэрацыі. Я думаю, што спадар Козік яшчэ раз наступіць на тыя ж граблі, на якія ён ужо наступаў.
Зразумела, знойдуцца такія прафсаюзныя кіраўнікі, якія падпарадкоўваюцца дырактарам прадпрыемстваў, і пойдуць за Козікам ствараць гэты “жоўты” прафсаюз прамысловасьці. Але існуе парадак пераходу ў новы прафсаюз. Павінна быць заява ад кожнага сябра. Так, як было раней, калі дастаткова было ўсё вырашыць на прафсаюзнай канфэрэнцыі, цяпер не атрымаецца. А вось тут для спадара Козіка могуць узьнікнуць праблемы”.
(Ярашук: ) “Зразумела, што цяпер краіна ў такім стане, што ўлада можа што заўгодна зьмяніць і рэфармаваць. Але я ўпэўнены, што перамога ўлады будзе Піравай. Усё больш людзей сёньня разумее, што прафсаюзы ўвогуле і ФПБ у прыватнасьці сталі прадметам маніпуляцыяў, прадметам гандлю інтарэсамі працоўных. Таму я таксама лічу, што лёгкай перамогі ва ўладаў тут ня будзе. І цяжка сказаць, які будзе канчатковы вынік. Але я абсалютна ўпэўнены, што хутка час усё расставіць па сваіх месцах”.
(Карбалевіч: ) “Спадар Фядыніч, вы сказалі, што шэраг прафсаюзных арганізацыяў ня згодны з гэтымі плянамі Козіка і будуць супраціўляцца. Але калі ўлада пойдзе да канца і выкарыстае сілавыя мэтады ў працэсе стварэньня гэтага аб’яднанага прафсаюзу прамысловасьці, што можа атрымацца? Да якіх наступстваў гэта можа прывесьці? Ці магчымы раскол і выдзяленьне з Фэдэрацыі незалежных прафсаюзных структураў пад кіраўніцтвам Фядыніча і Бухвостава?”
(Фядыніч: ) “Хутчэй за ўсё, гэта будзе зроблена недэмакратычным, сілавым шляхам. Тады павінен адбыцца нечарговы аб’яднаны зьезд галіновых прафсаюзаў. І там можа паўстаць пытаньне аб тым, ці ёсьць сэнс далей заставацца ў складзе ФПБ, якая дзейнічае недэмакратычнымі мэтадамі”.
(Карбалевіч: ) “З рацыянальнага гледзішча ўладам было б выгадна, каб у Беларусі існавалі прафсаюзы з пэўным элемэнтам апазыцыйнасьці. Гэта быў бы такі мэханізм дзя выпусканьня сацыяльнай пары. Але ўлада робіць процілеглае і, здаецца, насуперак уласным інтэрэсам. Яна закрывае ўсе дзіркі, празь якія гэтая пара магла б выйсьці і гэтак стварае штучнае напружаньне ў грамадзтве”.
(Ярашук: ) “Я сыходжу з таго вядомага палажэньня, што ўсялякая аўтарытарная ўлада альбо дыктатура сама нараджае сабе магільшчыка. Штосьці падобнае адбываецца і ў нашай краіне. І проста дзіву даесься, што людзі ня робяць ніякіх высноваў з гістарычнага досьведу. Але гэта ўжо асабістая справа тых людзей.
Што тычыцца прафсаюзнага руху, то ўлада ўсё робіць для таго, каб прафсаюзныя структуры і іхныя лідэры, якія стаяць на пазыцыях незалежнага прафсаюзнага руху, урэшце аб’ядналіся. Я не сумняюся, што гэты працэс будзе разьвівацца. Ад імя Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, які я прадстаўляю, я заяўляю, што прафсаюзы прамысловасьці сельскагаспадарчага машынабудаваньня і радыёэлектроннай прамысловасьці — нашыя стратэгічныя саюзьнікі. Так ці інакш, мы будзем адзін аднаму дапамагаць, мы будзем разам. У нас многа агульнага. Самае галоўнае, што нас яднае, гэта пагроза нашаму незалежнаму існаваньню. Таму мы будзем каардынаваць і яднаць нашыя намаганьні”.
(Карбалевіч: ) “Такім чынам, калі ўладзе ўдасца рэалізаваць свой плян стварэньня аб’яднанага прафсаюзу прамысловасьці, то гэта будзе азначаць канчатковую ліквідацыю незалежнага прафсаюзнага руху ў рамках ФПБ. На першы погляд, гэта можа азначаць перамогу ўлады, таму разьвязвае ёй рукі. Але, як адзначалі мае суразмоўцы, гэта ілюзорная перамога. Слабасьць прафсаюзаў непазьбежна вядзе да слабасьці дзяржавы, якая страчвае зваротную сувязь з грамадзтвам.
Замест зразумелых і вядомых апанэнтаў, зь якімі можна вясьці дыялёг і шукаць кампраміс, уладзе будзе супрацьстаяць неарганізаваная маса людзей, даведзеных сацыяльна-эканамічным крызысам да фрустрацыі. І такім чынам улада ня толькі не павялічвае кантроль над грамадзтвам, а наадварот, можа страціць яго”.