У РАСЕІ ЗАРЭГІСТРАВАНЫ ПЕРШЫ ВЫПАДАК САРСУ

Алена Ціхановіч, Прага

У Маскве пачалася дэзынфэкцыя грамадзкага транспарту. Расейскі ўрад праводзіць экстраную нараду. Іншыя краіны СНД таксама прымаюць захады, каб засьцерагчыся ад пашырэньня новага небясьпечнага вірусу.

Называецца імя хворага і паведамляецца, што ён жыў у благавешчанскім гатэлі “Заря”, дзе спыняюцца і грамадзяне Кітаю. Праўда, цяпер мясцовая міліцыя выявіла, што многія з кітайскіх гасьцей тут толькі рэгіструююца. Такіх было 65 чалавек. Цяпер вядуцца іх пошукі. Што да хворага, то ён у цяжкім стане, у яго праблемы з дыханьнем і інтаксыкацыяй арганізму. Сёньня Інтэрфакс адклікаў сваё ранішняе паведамленьне пра першы выпадак САРС, потым падаў яго з удакладненьнем расейскага Мінздраву: дыязназ пастаўлены толькі на падставе так званай клінічнай карціны хваробы. Аналізы, якія былі праведзеныя ў Маскве, пакуль не пацьвердзілі наяўнасьць сындрому.

Прафэсар Сяргей Пак, загадчык катэдрай інфэкцыйных хваробаў Маскоўскай мэдыцынскай акадэміі імя Сечанава гаворыць, што ў Расеі выпадкаў САРС няма. Аднак няма і прэпаратаў для лячэньня віруснай пнэўманіі. Аднак, як ён запэўнівае, у Маскве ўжо рыхтуюцца спэцыяльныя палаты для прыёму падобных хворых. Прафэсар Пак нагадвае, што пакуль галоўныя захады, якіх варта датрымлівацца пры пагрозе эпідэміі – неадкладны карантын падазроных хворых, захады індывідуальнай прафіляктыкі, умацаваньне супраціўляльнасьці арганізму. Што да нашэньня маскі, дык, напрыклад, Ганконгскі досьвед паказаў, што гэта малаэфэктыўна. Ды чалавек і ня можа ўвесь час насіць маску.

Што да іншых краінаў СНД, якія мяжуюць з Кітаем, дык усе яны ў першую чаргу імкнуцца закрыць межы. Сёньня міністар аховы здароўя Кыргызстану зьвярнуўся з такой просьбай да ўраду. У Таджыкістане прыпынілі вылет самалётаў у Кітай і паездкі турыстаў. Дарэчы, Расея таксама закрыла ўсе памежныя пункты пропуску на мяжы з Кітаем у Амурскай вобласьці. Ад сёньня забаронены ўезд кітайскіх грамадзянаў у Расею і выезд расіянаў у Кітай.

Дарэчы, з Кітаю эвакуаваныя сем’і беларускіх дыпляматаў. Пра гэта паведаміў сёньня прадстаўнік МЗС Сяргей Скварцоў. Дыпляматам, якія застаюцца працаваць у азіяцкім рэгіёне, рэкамэндуецца не наведваць публічныя месцы і трымаць захады перасьцярогі. Разам з тым прадстаўнік беларускага МЗС сказаў, што ня мае дакладных зьвестак, колькі грамадзянаў Беларусі могуць знаходзіцца ў Кітаі і краінах гэтага рэгіёну.