СПОЎНІЛАСЯ 4 ГАДЫ, ЯК ЗЬНІК ЮРЫ ЗАХАРАНКА

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Чатыры гады таму быў скрадзены Юры Захаранка, адзін зь лідэраў апазыцыі канца 1990-х гадоў, былы міністар унутраных справаў Беларусі. Таямніца гэтага выкраданьня дагэтуль не раскрытая, але ўсё больш фактаў, якія падмацоўваюць падазрэньні ў датычнасьці да злачынства прадстаўнікоў кіраўніцтва Беларусі.

Сёньня праваабаронцы зрабілі шэраг новых цікавых заяваў што да гэтай справы. У прыватнасьці, абаронца інтарэсаў сям’і Захаранкаў Алег Волчак лічыць, што выкраданьне Захаранкі правялі сілавыя структуры, не датычныя да Міністэрства ўнутраных справаў.

(Волчак: ) “Усе дадзеныя пошукаў Захаранкі вядуць да службы бясьпекі прэзыдэнта і той каманды, якая была створаная пры тагачасным Савеце бясьпекі, а цяпер яна нібыта перабралася ў пракуратуру”, — мяркуе Алег Волчак.

Ён спаслаўся на былых сьледчых пракуратуры Случака і Петрушкевіча, якія два гады таму ўцяклі зь Беларусі. Гэтыя сьледчыя сьцьвярджаюць, што нібыта існуе відэакасэта, на якой зафіксаваныя катаваньні Юрыя Захаранкі, і гэтая касэта была канфіскаваная менавіта ў былога камандзіра СОБРу Паўлічэнкі, які супрацоўнічаў з таемнай камандай пры структуры Савету бясьпекі. Нагадаю, беларускія мэдыі ўжо назвалі яе “эскадронам сьмерці”.

З гэтай установы нібыта і прыйшоў загад не дапытваць вайскоўцаў СОБРу, якія маглі ўдзельнічаць у выкраданьні. Алег Волчак перакананы, што калі б крымінальную справу паводле зьнікненьня Захаранкі ўзбудзілі адразу і праводзілі пасьлядоўна, то наступных зьнікненьняў магло б ня быць.

Намесьнік старшыні Гельсынскага камітэту Гары Паганяйла далучыўся да абвінавачаньняў беларускіх уладаў у блякаваньні сапраўднага расьсьледаваньня справаў Захаранкі й іншых зьніклых. Між тым, паводле праваабаронцы, у Беларусі мелі месца пазасудовыя пакараньні. Улічваючы, што магчымасьці судовага разгляду справаў зьніклых у Беларусі амаль вычарпаныя, Гары Паганяйла прапануе скарыстацца законамі некаторых эўрапейскіх краінаў, якія дазваляюць распачаць судовы перасьлед службовых асобаў, падазраваных у падобных злачынствах.

(Паганяйла: ) “У нас у Беларусі становішча менавіта такое. Дзяржаўныя асобы, магчыма, датычныя да зьнікненьня, а адпаведныя праваахоўчыя органы іх абараняюць, не даюць магчымасьці праверыць іх віну”.

Калі ў эўрапейскай краіне будзе ўзбуджаная падобная крымінальная справа, то падазраваным беларускім кіраўнікам і іх памагатым будзе пагражаць арышт і прымусовая дастаўка ў суд. Паводле Гары Паганяйлы, беларускія ўлады гэта ўжо ўсьведамляюць і таму на праваабронцаў распачаўся ціск.

Да справы расьсьледаваньня загадкавых зьнікненьняў апазыцыянэраў у Беларусі вырашылі далучыцца і дэпутаты Нацыянальнага сходу. Дэпутат Валеры Фралоў абвесьціў пра стварэньне грамадзкай камісіі ў справах зьніклых з удзелам дэпутатаў з парлямэнцкай групы “Рэспубліка”. Таксама ў камісію ўвайшлі Зінаіда Ганчар, Алег Волчак, Гары Паганяйла, былыя міліцыянты — сябры Захаранкі Ўладзімер Арэстаў і Ўладзімер Барадач. Камісія ставіць за мэту юрыдычны і грамадзкі ціск на ўлады з мэтай аднавіць расьсьледаваньні.