ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 7 ТРАЎНЯ

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Літаратура і мастацтва”, 1933 год, рэцэнзія на новы кінафільм за подпісам Б.М.:

“Наша кіно павінна быць “занімацельным”, яркім, патэтычным, але дрэнна, калі некаторыя работнікі кінафронту разумеюць “занімацельнасьць” савецкіх фільмаў так сама, як яе разумеюць аўтары “амэрыканскіх баявікоў”. Прыкладам гэтага няправільнага разуменьня “занімацельнасьці” можа служыць фільм “Слава сьвету” вытворчасьці Белдзяржкіно. У работу Белдзяржкіно нельга залічваць гэты фільм, як актыў. Рэжысэр Вайншток, працуе буржуазнымі мэтадамі, памножанымі на некультурнасьць. Работа сцэнарыста Брадзянскага таксама не знаходзіцца ў дадзеным выпадку на належнай вышыні. Ня гледзячы на культурны акторскі калектыў… аўтары фільму не стварылі фільму на інтэрнацыянальную тэму ў адпаведных ідэёва мастацкіх вобразах”.


“Сталинская молодежь”, 1953 год, “Сход рабочага друку гор.Менску”:

“5 траўня ў памяшканьні Беларускага дзяржаўнага ордэну Леніна Вялікага тэатра опэры і балету адбыўся агульнагарадзкі сход, прысьвечаны Дню друку. У прэзыдыюме сходу тав. А.Кляшчоў, В.Казлоў, Т.Гарбуноў, К.Уралава, М.Халіпаў, В.Шаура, І.Варвашэня, С.Саламаха, рэдактары рэспубліканскіх газэт і часопісаў, партыйныя, савецкія і прафсаюзныя работнікі. З дакладам “Задачы друку ў барацьбе за пасьпяховае выкананьне рашэньняў ХІХ зьезду Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу” выступіў рэдактар газэты “Советская Белоруссия” тав. І.Здаравенін. Для ўдзельнікаў сходу была пастаўлена опэра С.Манюшкі “Страшны двор”.


Газэта “Магілёўскія ведамасьці”, 1993 год, “130 грамаў грэчкі ў месяц на аднаго чарнобыльца”:

“Маленькі кулёчак у рэдакцыю даставілі з в.Лапацічы Слаўгарадзкага раёну. У кульку 130 гр. грэчневай крупы. Вось так “шчодра” мясцовая ўлада ашчасьлівіла жыхароў раёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэткая ж норма на месяц ўстаноўлена для чарнобыльцаў ня толькі ў Слаўгарадзе, але і ў іншых раёнах вобласьці. Па 130 гр. выдзелена ім таксама рысу, маннай крупы. Ня зварыш зь іх ані супу, ані кашы. Дык, можа, і выдаюць іх толькі дзеля таго, каб не забываліся людзі, што такія прадукты існуюць на сьвеце”.