НАСТУПСТВЫ ІРАЦКАЙ ВАЙНЫ ДЛЯ КРАІНАЎ-ІЗГОЯЎ

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Прафэсар Мічыганскага ўнівэрсытэту Райманд Тантэр – аўтар кнігі “Краіны-ізгоі” і экспэрт у пытаньнях такіх краінаў – кажа, што падзеньне рэжыму Садама Хусэйна можа прывесьці да эфэкту даміно ў дачыненьні да іншых падобных краінаў рэгіёну:

“Зьмена рэжымаў-ізгояў пачынаецца з Багдаду, адкуль дарога ідзе ў Дамаск. Дарога ў Тэгеран таксама праходзіць праз Багдад. Зьменай рэжыму ў Багдадзе вы прымушаеце трымцець хрыбты ў іншых лідараў краінаў-ізгояў. І няма патрэбы нападаць на іх”.

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Дык Чэйні сказаў, што прэзыдэнт Джордж Буш растлумачыў абсалютна выразна, што Вашынгтон ня будзе талераваць таго, што лічыць асноўнай пагрозай сваёй бясьпецы, гэта значыць, сувязі паміж тэрарызмам і краінамі-ізгоямі, якія спрабуюць авалодаць зброяй масавага зьнішчэньня.

У часе выступу ў Вашынгтоне Чэйні падкрэсьліў псыхалягічнае ўзьдзеяньне, якое, паводле ЗША, зрабіла ірацкая вайна на краіны-ізгоі:

“Сёньня рэжым Садама Хусэйна – гэта ўжо гісторыя. (воплескі) І ні ў каго няма сумненьня, што прэзыдэнт Злучаных Штатаў трымае сваё слова”.

Сырыя, якую Колін Паўэл наведаў у пятніцу, адчула асноўны цяжар амэрыканскага паваеннага ціску. Цягам вайны Вашынгтон абвінавачваў Сырыю ў тым, што яна давала прытулак прадстаўнікам рэжыму Хусэйна і спрабавала атрымаць хімічную зброю.

У гэтыя выхадныя ў Бэйруце Паўэл гаварыў пра “новую стратэгічную сытуацыю” на Блізкім Усходзе пасьля паразы Садама:

“Тут склалася новая стратэгічная сытуацыя. Мы хочам супрацоўнічаць з Сырыяй, каб прыстасавацца да гэтай новай сытуацыі, і мы будзем вельмі ўважліва сачыць, і мы вельмі хочам супрацоўнічаць з Сырыяй ў розных канкрэтных аспэктах надалей”.

Але ня ўсім гэта відаць так выразна. Дырэктарка Цэнтру нацыянальнай палітыкі ў Вашынгтоне, якім раней кіравала Мэдлін Олбрайт, Маўрын Стэйнбрунэр сказала, што, нягледзячы на некаторую рэакцыю гэтых краінаў на амэрыканскі ціск, Вашынгтон не атрымае ўсяго, на што спадзяецца:

Апрача гэтага, Стэйнбрунэр пераканананая, што амэрыканская дэманстрацыя сілы ў Іраку падштурхне некаторыя ўрады да стварэньня ядзернай зброі як адзінага спосабу абараніць свае рэжымы ад амэрыканскай пагрозы. Стэйнбрунэр называе Паўночную Карэю і Іран верагоднымі ядзернымі краінамі будучыні.

“Кожная тэхнічна падрыхтаваная краіна стаіць на шляху да стварэньня ядзернай зброі. Я вельмі зьдзівілася б, калі б даведалася, што яны не спрабавалі атрымаць тое, што, на іхную думку, стала б для іх страхоўкай”.

Што тычыцца Паўночнай Карэі, то, паводле Стэйнбрунэр, ірацкая вайна, магчыма, прывяла да супярэчлівых высноваў. З аднаго боку, Пхеньян верыць, што вайна апраўдвае наяўнасьць у яго ядзернай зброі. Зь іншага боку, тая ж самая вайна, магчыма, пераканала Паўночную Карэю актывізаваць пошукі супрацоўніцтва з Вашынгтонам.