“А хто гэта ў нас завёўся, па-беларуску гаворыць?” – “А ты ня ведаў? Гэта ж новы прыкол менскіх панкаў!”
Дыялёг, падслуханы на колішняй хіпанскай тусоўцы побач з крамай “Нэктар” на вуліцы Чырвонай у Менску на пачатку 1990-х. Гаворка йшла пра майго прыяцеля Андруся. Размаўляць са сваімі сябрамі-хіпі па-беларуску было для яго сапраўдным учынкам – нібы кідаўся на амбразуру расейшчыны. Але і Андрусь, і я, і нашыя сябры амаль фізычна адчувалі, як зьмяняецца стасус мовы з “калгаснага” на “элітарны”.
Мы, першакурсьнікі, лавілі сапраўдны кайф, калі абмяркоўвалі па-беларуску нашыя студэнцкіх часоў праблемы. Мову перасыпалі процьмай слэнгавых, а часам і табуяваных слоўцаў. Перад тым я бачыў жывых беларускамоўных людзей адно на сустрэчах зь пісьменьнікамі, ды пару разоў у электрычцы Менск-Маладэчна. Цяпер я ведаю, што бачыў “майстроўцаў”, якія ехалі ладзіць ці-то “Гуканьне вясны” ці-то “Купальле”. Я чуў Мову зь вялікай літары, дзе не было месца мітусьлівым тэмам. Я чуў сакральную мову.
Калі ў канцы 1980-х – пачатку 1990-х гаварыць па-беларуску на вуліцы было ўчынкам, дык і цяпер ГАВАРЭНЬНЕ ў грамадзкім месцы для многіх ёсьць чынам. Аднойчы з прыяцелем сядзелі ў кавярні. Я зрабіў афіцыянтцы заўвагу – па-расейску. Праяцель разьюшыўся: “Ты дома, калі ніхто ня бачыць, можаш гаварыць па-расейску. А гэтых… Гэтых трэба “строіць” па-беларуску”. Той жа прыяцель спавядае правіла не казаць па-беларуску, калі ён знаходзіцца ў няўтульным становішчы. Напрыклад, калі відавочна ня мае рацыі.
Зрэшты, гаварэньне для многіх ёсьць і свайго кшталту забавай: прасіць шклянку гарбаты ці філіжанку кавы. Я ведаю людзей, якія атрымліваюць ці не садысцкае задавальненьне, калі ўжываюць у размове са службоўцамі беларускія словы, не прапісаныя ў стандартных падручніках.
Праўда, хаця слова "спадар" не прапісанае ў школьных падручніках, яго ведаюць амаль усе. Для кагосьці гэта больш упадабаны сынонім "пана". А для кагосьці – ярлык для ворагаў-нацыяналістаў. Свайго кшталту антонім "таварыша". Цяпер у цэнтры Менску цяжка знайсьці прадавачку, якая б ня ведала “каву”, “гарбату” ці “шкарпэткі”. А калі хто не зразумее, можна быць пагрозным, зьедлівым, ці іранічным – перавага на тваім, спадарскім баку.
А ў правінцыі твая беларуская мова надае падвойнае сталічнасьці! Едзем з прыяцелямі мікрааўтобусам на бераг рэчкі Аўсянкі ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласьці. Адтуль пачнецца нашая вандроўка на байдарках у бок расейскае мяжы. У Гарадку спыняем мясцовага хлопца, каб даведацца дарогу. Хлопец тлумачыць і пытаецца: “А вы што із Мінска?” – “Так, а як здагадаўся?” – “Хорошо по-белорусскі говорыце”.
Я ўжо даўна ня чуў адмоўнае рэакцыі на беларускую мову, кашталту: “А, пазьнякоўцы-нацыяналісты”. Часьцей даводзіцца чуць кшталту: “Вой, як хораша гаворыце!” У кожным выпадку, твая беларуская гаворка кідаецца ў вушы, ты вылучаесься з шэрага натоўпу. Калі ўвесь час – гэта можа быць стамляльна. Я не раблю з мовы чын. І за сабой, і за сваімі знаёмымі заўважаю, што часьцяком проста тыцкаю пальцам у патрэбную ў краме рэч. Без “калі ласка” і “дзякуй”. А вось расейскамоўная бармэнша кавярні “Тэатральны разьезд” паслугоўваецца толькі беларускімі “калі ласка” і “дзякуй”.
Мова можа мець і рэклямную вартасьць. Вось апісаны Зьмітром Бартосікам выпадак, сьведкам якому я быў сам. Бамжыца ля крамы бачыць, як п’ем піва і чуе беларускую мову. Бамжыца бяжыць з крыкам “Лукашэнка памёр!” Мова і палітыка.
Мова ці словы мовы застаюцца ці робяцца для многіх сакральнымі. “Жыве Беларусь!”, “Незалежнасьць!”, “Ганьба!” скандуюць расейскамоўныя ў жыцьці дэманстранты. Адзін малады калега неяк абурыўся: “Божухна, зь якім жахлівым расейскім акцэнтам гаворыць Барыс Хамайда, віцебскі апазыцыянэр!” – “Дык што лепш, – пытаем, – па-расейску зь беларускім акцэнтам, ці наадварот, па-беларуску з расейскім?” Для мяне адказ відавочны. Памятаю этыёпа Адэру з гістфаку БДУ, які вітаўся наступным чынам: "Добрі дзень, на якой мове сёньня размаўляемь, на белярускай ці рюскай?" Гэтага чалавека хацелася абняць як брата.
Колькі беларусаў, столькі беларускіх моваў. Ведаю ў Менску Сяржука, які распрацоўвае “свэйную” мову па прынцыпе “абы не падобна да расейскай”. У сяржуковым лексыконе няма фотаапарату, а ёсьць, напрыклад, "сьветларыс". Гэтаксама няма магнітафонаў, электрычнасьці, бэнзіну, батарэек ... Сяржук, відавочна, унікум. Што да большасьці, ужо растуць новыя, натуральным чынам беларускамоўныя дзеткі, а іхныя бацькі так і блытаюцца між “верталётам” і “гелікоптэрам”, “хакеем” і “гакеем”, “Вітабскам” і “Віцебскам”, “Палестынай” і “Палястынай”...
Наркамаўка не прымаецца, а тарашкевіца не дапрацаваная. На пачатку 1990-х слова “філязофія” гучала для мяне вельмі сьмешна. А напрыканцы 1990-х ў судовай справе Мінюсту супраць “Нашай Нівы” судзьдзя вышэйшага гаспадарчага суду прызнала за тарашкевіцай статус клясычнае граматыкі. Прызнаньне ёсьць, а падручніка няма. Таму беларусы дагэтуль паслугоўваюцца рознымі альбо зьмяшанымі граматыкамі. І мовамі.
Часьцяком праскокваюць знаёмыя зь дзяцінства “вілка”, “табурэтка”, “стул”… “Дыван” блытаецца з “канапай”, а “фатэль” з “крэслам”. Але калі заходзіць пра філязофскія спрэчкі, сытуацыя зьмяняецца. Паспрабуй адразу перакласьці на расейскую “рэчаіснасьць”.
Па-за працай, домам і сяброўскім колам беларуская мова дагэтуль застаецца палітыкай. Хочам мы таго ці не. Сыходзіць пакаленьне натуральных носьбітаў мовы: бабулі й дзядулі, ад якіх мы чэрпалі веру й натхненьне да беларушчыны. Тыя бабулі й дзядулі, якія гаварылі “па-просту”, “па-тутэйшаму”, якія галасавалі за тых палітыкаў, якія ня хочуць нават згадваць пра беларушчыну як такую. Але застаемся мы, новыя беларусы. Усё часьцей мне ў часе вулічных апытаньняў маладыя людзі адказваюць па-беларуску. Гэта ня значыць, што яны й у паўсядзённым жыцьці карыстаюцца беларускай мовай. Але калегі-журналісты ўжо перасталі жартаваць, слухаючы апытаньне: “Ты што, пад філфакам стаяў?”