ЛУКАШЭНКА АЧОЛІЎ СЬПІС “ВОРАГАЎ ПРЭСЫ”

Віталь Тарас, Прага

Прынамсі, на інтэрнэт-сайце Рэпартэраў бязь межаў (www.rfs.fr) партрэт Аляксандра Лукашэнкі вынесены на галоўную старонку. Побач з партрэтам тэкст: “У 2002 годзе прэзыдэнт Лукашэнка дапоўніў сьпіс сваіх парахунакаў з журналістамі, адправіўшы трох незалежных журналістаў на папраўчыя работы. Мікола Маркевіч, Павал Мажэйка і Віктар Івашкевіч былі строга пакараныя за публікацыю матэрыялаў на тэму карупцыі ў атачэньні прэзыдэнта і магчымую датычнасьць яго да зьнікненьня вядомых асобаў”. У Беларусі, дзе пануе дыктатура савецкага кшталту – сьцвярджае арганізацыя Рэпартэры бязь межаў – дзяржава захоўвае поўны кантроль над дзяржаўнымі мэдыямі і працягвае перасьлед незалежнай прэсы. Па-ранейшаму застаецца невядомым лёс зьніклага журналіста Зьмітра Завадзкага.

У сьпісе “ворагаў прэсы”, зьмешчаным на сайце гэтай арганізацыі, фігуруюць таксама кубінскі лідэр Фідэль Кастра, кіраўнік КНР Ху Цзіньтао, лідэр КНДР Кім Чэн Ір, прэзыдэнт Сырыі Башыр Асад, а таксама кіраўнікі краінаў СНД Уладзімер Пуцін, Леанід Кучма, Сапармурад Ніязаў, Ісьлям Карымаў.