БАРЫСАЎЦЫ ЎШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ АХВЯРАЎ ГАЛОДНАГА БУНТУ

Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

Усталявалі крыж актывісты барысаўскай філіі руху “Зубр”. Вось што распавёў нашаму радыё каардынатар філіі Зьміцер Бародка:

(Бародка: ) “Семдзесят гадоў таму ў Барысаве ў 1933 годзе адбыўся так званы галодны бунт. Калі былі зьменшаныя прадуктовыя нормы ўдвая, жанчыны, дзеці — галодныя і абураныя гэтым — пайшлі да прадуктовых складоў. Некаторыя зь іх былі разграбленыя. Пасьля гэтага супрацоўнікі НКВД паспрабавалі іх спыніць, але ім гэта не ўдалося. І натоўп жанчын рушыў да запалкавай фабрыкі “Беразіна”, каб выцягнуць на вуліцу сваіх мужыкоў”.

Напярэдадні акцыі барысаўскіх “зуброўцаў” у недзяржаўнай газэце “Барысаўскія навіны” зьявіўся артыкул пра гэтую падзею мясцовага краязнаўцы Алеся Шустоўскага. Аўтар зазначыў, што для ўдзельнікаў бунту, у тым ліку рабочых запалкавай фабрыкі, бунт меў крывавыя наступствы. У ноч з 3 на 4 траўня было арыштавана каля 1400 барысаўцаў. Зь іх дзьве сотні былі затым расстраляныя, астатнія сасланыя ў сталінскія лягеры. Паводле старажылаў Барысава, як сьцьвярджае краязнаўца Шустоўскі, ніхто з рэпрэсаваных, якія патрапілі у ГУЛАГ, таксама дадому не вярнуўся.

Што справакавала галодны бунт у Барысаве — гэта цяпер не таямніца. 1933 год вядомы ў савецкай гісторыі як год галадамору. Вядома і тое, што справакавала яго сталінская аграрная палітыка. Ва Ўкраіне, напрыклад, памерла ў той год ад голаду некалькі мільёнаў чалавек. Ня выключана, што такі ж лёс мог напаткаць і беларусаў. Бунт барысаўцаў, аднак, як лічаць адмыслоўцы, нягледзячы на жорсткую расправу, спыніў улады ад паўтору ўкраінскага сцэнару — галадамору ў Беларусі.

Дарэчы, усталявалі крыж барысаўскія “зуброўцы” ў месцы, якое называюць тут мясцовымі “курапатамі”. Гаворыць Зьміцер Бародка:

(Бародка: ) “Бо на гэтых батарэях былі расстраляныя ня толькі ў часе галоднага бунту 1933 году. Першыя зьвесткі ў нас ёсьць, што яшчэ ў 1919 годзе расстрэльвалі бальшавікі. Затым у 1923 годзе расстрэльвалі людзей, якія падтрымлівалі паўстаньне Грышкі Моніча. Такі быў вядомы дзяяч беларускага супраціву. Ён ваяваў супраць бальшавікоў. Агулам там на гэтых батарэях расстраляна каля 1200 чалавек”.