Глускія ўлады тлумачаць скарачэньне людзей ў сфэры культуры неабходнасьцю эканоміі бюджэтных сродкаў. Скарачаюцца некалькі дзясяткаў чвэрцяў і паловаў ставак у розных установах культуры раёну, і толькі адная цэлая стаўка — пераплётчыка ў раённай бібліятэцы, якім працуе Ігар Кірын, грамадзкі актывіст і апазыцыянэр.
Пра магчымае звальненьне папярэдзілі жонку Кірына Іну, якая працуе ў бібліятэцы загадчыцай аддзелу абслугоўваньня. Паводле словаў Іны Кірынай, загадчык раённага аддзелу культуры сказаў ёй, што задаволены яе працай, але вымушаны звольніць, бо ў райвыканкаме лічаць, што яна дапамагае мужу ў ягонай апазыцыйнай дзейнасьці.
Ігар Кірын ня мае ніякіх сумневаў наконт прычынаў скарачэньня яго і жонкі.
(Кірын: ) “Я расцэньваю гэтыя дзеяньні мясцовых уладаў як тыповы прыклад перасьледу за іншадумства, за актыўныя дзеяньні ва ўсталяваньні прынцыпаў законнасьці і дэмакратыі”.
Глускі раённы клюб выбарцаў на чале са сваім кіраўніком Ігарам Кірыным актыўна дапамагаў на выбарах у мясцовыя саветы незалежным кандыдатам у вёсцы Бярозаўка. Адзін з альтэрнатыўных кандыдатаў стаў дэпутатам сельскага савету, а Ігар Кірын разам са сваімі паплечнікамі, якія назіралі за выбарамі, ініцыявалі пракурорскае расьсьледаваньне фактаў парушэньня выбарчага заканадаўства.
Акрамя гэтага, нядаўна ў Глуску зьявіліся падпольныя ўлёткі пад назвай “Блыха”, дзе раскрываюцца некаторыя падрабязнасьці з жыцьця кіраўнікоў раённай вэртыкалі. Усё разам гэта выклікала вялікую занепакоенасьць глускіх уладаў.
Ігар Кірын гаворыць, што яго сям’ю хочуць пазбавіць і без таго мізэрных сродкаў для існаваньня, прычым гэта адбываецца ня першы раз.
(Кірын: ) “Я быў звольнены з пасады дырэктара раённага Дому піянэраў некалькі гадоў таму — адразу пасьля таго, як меня абралі сябрам камітэту грамадзкага самакіраваньня і доўгі час я нідзе ня мог знайсьці працу”.
Апазыцыянэр, які мае адукацыю настаўніка, зьбіраецца шукаць заробку ў камэрцыйных структурах і за межамі Глускага раёну. А вось што датычыцца ягонай грамадзкай дзейнасьці, то Ігар лічыць, што ўлады атрымаюць адваротны эфэкт, бо ў яго зьявіцца больш часу на распрацоўку праектаў раённага клюбу выбарцаў.
(Кірын: ) “Я буду працягваць грамадзкую дзейнасьць, якую мы вялі ўсе гэтыя гады: абарона правоў грамадзянаў, кантроль і назіраньне за выбарамі, выданьне інфармацыйнага бюлетэню, разьвіцьцё нашага вэб-сайту аб Глуску ў Інтэрнэце”.