АКСАНА НОВІКАВА, АСУДЖАНАЯ ЗА ПАКЛЁП НА ЛУКАШЭНКУ, ДАМАГАЕЦЦА ПЕРАГЛЯДУ ПРЫСУДУ

Любоў Лунёва, Менск

Вось як Аксана Новікава пракамэнтавала гэта Радыё Свабода:

(Новікава: ) “Суд першай інстанцыі быў неаб’ектыўны. Ён не разабраўся ў сутнасьці справы. Прачытаўшы пратакол судовага паседжаньня, я ўбачыла, што ён не адпавядае рэчаіснасьці. Я падала заўвагі на пратакол, але судзьдзя іх адхіліў. Ён мне адказаў, што сакратарка запісала менавіта так, як усё й гаварылася. Я разумею, чаму гэта робіцца. Я ўпэўненая, што судзьдзя наўмысна пайшоў на падробку пратаколу, каб абгрунтаваць гэты прысуд. Такім чынам, ён і загад зьверху выканаў, і забясьпечыў сабе нешта накшталт алібі. Гэты прысуд не паўплывае на маю грамадзкую пазыцыю. Я і надалей буду браць удзел у апазыцыйных акцыях. Хаця самая важная для мяне справа — гэта выхаваньне маёй маленькай дачкі”.

13 траўня ў гарадзкім судзе будзе разглядацца скарга Аксаны Новікавай. Яна патрабуе, каб гарадзкі суд адмяніў рашэньне раённага і прызначыў новы разгляд справы. Аксана Новікава паведаміла Радыё Свабода, што зьвернецца ў Камітэт правоў чалавека ААН.