МІЖНАРОДНЫ ВАЛЮТНЫ ФОНД ВЫПУСЬЦІЎ ЧАРГОВУЮ СПРАВАЗДАЧУ ПА БЕЛАРУСІ ЗА 2003 ГОД

Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Прадстаўнікі МВФ гавораць, што за апошнія некалькі гадоў Беларусь зрабіла некалькі крокаў наперад да асобных эканамічных рэформ. Але агульная макраэканамічная сытуацыя па-ранейшаму неспрыяльная. У 2002 годзе інфляцыя была найніжэйшая ад часу абвяшчэньня незалежнасьці – 27%, аднак найвышэйшая, калі параўнаць зь любой іншай дзяржавай былога СССР. Сярод пазытыўных зьмен была названая больш цьвёрдая, чым у папярэднія гады фіскальная і манэтарная палітыка. Зрухі адбыліся ў сфэры зьніжэньня датацый у энэргетыку, лібэралізацыі цэн, зьніжэньні ліцэнзійных перашкодаў, частковай прыватызацыі і стабілізацыі Фонду сацыяльнага забесьпячэньня. Аднак паралельна з гэтым ішлі вялізнае падвышэньні заробкаў ды іншых выплат, зьвязаных з павелічэньнем аж на 190% коштаў жытла і бытавых паслуг.

Справаздача МВФ гаворыць пра маруднасьць прыватызацыі і падаткавых рэформ. 80% усяе вытворчасьці ў Беларусі прыпадае на дзяржаўны сэктар. А так званы закон “залатой акцыі” дазваляе дзяржаве нацыяналізаваць любое ня цалкам прыватнае прадпрыемства, што, вядома, не спрыяе росту. Чакаецца, што сёлета інфляцыя ўзрасьце да 30%, а рост валавага нацыянальнага даходу зьнізіцца да 3,5%, хоць улады Беларусі малююць больш прывабную карцінку – рост даходаў і інвэстыцый ды зьніжэньне інфляцыі.

Сярод рэкамэндацый МВФ усё тыя ж: правесьці структурную рэарганізацыю эканомікі, прыватызацыю і лібэралізацыю. Спыніць дзяржаўныя датацыі, асабліва ў сельскую гаспадарку і капітальнае будаўніцтва, спыніць фінансаваньне Цэнтральным банкам дзяржаўнага дэфіцыту. МВФ таксама гаворыць пра зьніжэньне падаткаў і зьняцьцё юрыдычных і адміністрацыйных бар’ераў для прыватнага сэктару. Пазыкі МВФ будуць залежыць ад рашучасьці беларускіх уладаў праводзіць рэформы.

МВФ распрацаваў два сцэнары разьвіцьця сытуацыі: “нізкі” і “базавы”. Паводле “нізкага” сцэнару Беларусь можа атрымаць у пазыку да 140 мільёнаў толькі на агульна-грамадзкія праекты, як прафіляктыка сухотаў і СНІДу. “Базавы” сцэнар прадугледжвае да 270 мільёнаў на працягу 3 гадоў. Аднак пазыкі паводле “базавага” сцэнару будуць давацца толькі пасьля таго, як Беларусь прадэманструе паляпшэньне сытуацыі на працягу ўсяго году.

Асобны разьдзел справаздачы прысьвечаны эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расеі. МВФ не дае ніякіх ацэнак што да эканамічнай мэтазгоднасьці гэтага кроку, аднак адзначае, што Беларусь непадрыхтаваная да сапраўднай інтэграцыі эканомік.