30 красавіка будаўнікі скончылі працу над новым дахам Радзівілаўскага замку. Такім чынам, акцыянэрнае таварыства “Салігорскпрамбуд” завершыла ліквідацыю наступстваў леташняга пажару:
(Міхееў: ) “Нашае ўпраўленьне бралі для таго, каб зрабіць толькі дах. Тое, што згарэла — аднавіць”.
(Данілецкі: ) “Складана было працаваць. Будынак старадаўні. А мэталаканструкцыі не падыходзяць. Таму самі мы падганялі. Вышыня і надвор’е таксама ўскладнялі працу”.
(Карэспандэнт: ) “Ці зайдросьцяць вам іншыя будаўнікі Салігорску?”
(Міхееў: ) “Зараблялі мы ня вельмі. Падымаліся ў пяць гадзінаў раніцы. А плацілі толькі 1 тысячу рублёў у дзень за паездку ў Нясьвіж”.
На аднаўленчыя работы дзяржава выдаткавала 100 мільёнаў рублёў. Між тым, нягледзячы на заканчэньне работ, салігорцы атрымалі толькі частку гэтай сумы. Гаворыць галоўны інжынэр будаўнічай арганізацыі Іван Ждановіч:
(Ждановіч: ) “Фінансавыя пытаньні будзем урэгулёўваць пазьней. Трэба яшчэ лічыць. Нам самім ацэньваць якасьць працы нясьціпла. Усе задаволеныя нашай працай. Частка матэрыялаў яшчэ не аплачаная. Колькі і калі — яшчэ будзе вырашацца”.
(Карэспандэнт: ) “100 мільёнаў дастаткова?”
(Ждановіч: ) “Трэба больш”.
Што будзе далей з Радзівілаўскім замкам, пакуль у Нясьвіжы ня ведаюць. Апроч 100 мільёнаў на аднаўленьне спаленага даху, у бюджэце на сёлета заплянавана выдаткаваць 1 мільярд рублёў на пачатак рэстаўрацыі. Зь іх 800 мільёнаў рублёў на праектныя работы. Аднак праектоўцы пакуль ніякіх рашэньняў не прынялі. Улады патрабуць танных варыянтаў рэстаўрацыі. Спэцыялісты, аднак, з такім падыходам ня пагаджаюцца. Як паведаміў нашаму радыё дырэктар музэя-запаведніка “Нясьвіж”, якому належыць Радзівілаўскі замак, Валеры Сталярчук, папярэдні кошт поўнага аднаўленьня былога радавога гнязда беларускіх магнатаў ацэньваецца вялізнай лічбай:
(Сталярчук: ) “Прыблізна 30–32 мільёны даляраў. На ўвесь комплекс. Калі сумленна рабіць, рэстаўраваць”.
(Карэспандэнт: ) “Вось апошнія чатыры месяцы вельмі шмат гавораць пра Нясьвіж і пра гэты замак. Як вы ацэньваеце хаду работаў?”
(Сталярчук: ) “Цяжка праектаваць. Таму што трэба праводзіць вялікія дасьледаваньні. І дымаходы, і вэнтыляцыйныя трубы глядзець. А яшчэ ж падземныя хады. Дах цягне за сабою франтоны, карнізы, зьліўную сыстэму. Але на гэта трэба грошы. Хаця бы 2 мільярды”.