СТАРЫ БЛЮЗ КАЛЯІНЫ НЕ ПСУЕ

Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Кожны добра ведае папулярнае выслоўе адносна старога каня, які, як вядома, баразны не псуе. А вось якое дачыненьне мае той самы конь, у пераносным, зразумела, значэньні, да папулярнай музыкі Беларусі?

Нагодай для гэтай праграмы зьявілася выданьне шмат у чым незвычайнага альбому. Інтрыгуе ўжо сама назва: “Блюз у канцы тунэлю”. Яшчэ больш інтрыгуе тое, што на чале даволі маладой групы пад назваю “P.L.A.N.” стаіць, па сутнасьці, адзін з вэтэранаў беларускага рок-н-ролу Андрэй Плясанаў, а згаданы альбом — усяго толькі першы ў ягонай шматгадовай кар’еры, калі адштурхвацца ад канца 60-х, калі ён зрабіўся вядомым у Менску як музыкант групы “Пінгвіны”.

Такім чынам, 35 гадоў у музыцы — і дэбют у запісе. Але й гэта яшчэ ня ўсё. Альбом складаецца з выключна беларускамоўных песень, у чым раней Андрэй Плясанаў заўважаны ня быў. Зразумела, што пытаньняў да яго шмат. Вітаю цябе, Андрэй, у студыі Радыё Свабода!”

(Андрэй Плясанаў: ) “Я таксама вітаю цябе, Зьміцер, але першае, што хачу сказаць, гэта — вялікі дзякуй Радыё Свабода і вялікі дзякуй табе, што ты запрасіў мяне да сябе”.

(Падбярэскі: ) “Што ж здарылася, Андрэй? Праз усе гады ты сьпяваў па-расейску, па-польску, па-ангельску, а тут — дэбют у якасьці сьпевака беларускамоўнага!”

(Плясанаў: ) “Па-першае, я беларус. Мае карані тут налічваюць больш за 250 гадоў. Акрамя таго, мая маці ўсё жыцьцё гаварыла па-беларуску і працавала ў выдавецтве “Народная асьвета”. Па-другое, мая цётка Паўліна Мядзёлка таксама ўсё жыцьцё гаварыла па-беларуску”.

(Падбярэскі: ) “Як наогул блюзавая музыка стасуецца з гэтай мовай?”

(Плясанаў: ) “Калі я пісаў песьні на расейскай мове, на польскай мове, то гэта быў адзін настрой. А калі мне Генадзь Сыракваш, наш вядомы прадусар, параіў напісаць некалькі песень на беларускай мове і зрабіць альбом, назва ў яго была б такая: “Пёсэнкі самотнэга беларусіна”: песьні на польскай мове, на беларускай мове, на ўкраінскай і на расейскай.

Але так сталася, што мне трапіла ў рукі кніжка вершаў Андрэя Бурсава. Я пачаў яе чытаць і адразу пачаў рабіць закладкі, бо там былі добрыя вершы маладога паэта-авангардыста. І сем песень зьявіліся літаральна за тыдзень, мо за два. А астатнія… Алег Трусаў прэзэнтаваў мне кніжку “Верш на Свабоду”, і я адтуль ужо ўзяў “Рабы і воля”, “Даміно” і “Прынц” (я назваў яе “Я не люблю цябе”) Міколы Адама. І таксама ўсё гэта імгненна выходзіла з-пад гітары. За тры тыдні быў напісаны цэлы альбом, і толькі адна песьня ўвайшла з маіх ранейшых, якая была напісаная яшчэ ў 1968 годзе”.

(Падбярэскі: ) “Гэта “Шукальнікі сэнсу”…

(Плясанаў: ) “Так! І я заўважыў, што па-беларуску мне мысьліцца інакш. Мяне пыталі: “Адкуль ты так добра ведаеш беларускую мову?” Ну, так сьпяваю і сьпяваю!.. І 9 красавіка, калі адбылася прэзэнтацыя нашага дыска, я прыйшоў на прэс-канфэрэнцыю і пачаў гаварыць па-беларуску. Паўтары гадзіны мы гаварылі па-беларуску, увесь канцэрт я вёў на беларускай мове”.

(Падбярэскі: ) “Андрэй! Хто дапамагаў табе ў запісе альбому?”

(Плясанаў: ) “Як настаўнік дапамагаў Сыракваш, але гэта была тэлефонная дапамога”.

(Падбярэскі: ) “Я маю на ўвазе музыкантаў…”

(Плясанаў: ) “Толькі мой гурт. І яшчэ Алег Алоўнікаў. Па тэлефоне я яму насьпяваў “Цені гісторыі”, і ён адразу ж прыехаў да мяне зь віялянчэляй і сказаў, што хоча гэта пісаць. Запісаў, склаў віялянчэль, сказаў: “Я еду ў Бэльгію, а ты рабі з гэтым што хочаш”.

(Падбярэскі: ) “Блюз у канцы тунэлю” — назва ўсё ж сымбалічная. Тады вось такое нетактоўнае пытаньне: ты схапіўся за блюз тады, калі зразумеў, што за больш моднай музыкай ужо проста ня ўгнацца? Ці як?”

(Плясанаў: ) “Я лічыў і лічу, што рок-н-рол і блюз — гэта самае моднае, што ёсьць у сучаснай музыцы, тое, што аб’яднала цэлую эпоху моладзі ад 60-х, і нават сёньня гэта працягвае аб’ядноўваць моладзь у цэлым сьвеце”.

(Падбярэскі: ) “Я ведаю, што некаторыя творы з гэтага альбому ўжо гучалі на хвалях Польскага радыё. А што на гэта айчынныя радыёстанцыі?”

(Плясанаў: ) “Айчынныя радыёстанцыі былі першыя, дзе загучала наша музыка, бо 7 сьнежня была прэм’ера на першым нацыянальным канале радыё. І там у простым эфіры я быў тры гадзіны, усяго прагучала восем песень. А потым радыё “Мір” два разы ўжо рабіла”.

(Падбярэскі: ) “Я маю на ўвазе ўсё ж FM-станцыі…”

(Плясанаў: ) “Толькі радыё “Рокс” некалькі разоў перадавала мае песьні і, на жаль, я больш ня ведаю. Але дыскі яны маюць”.

(Падбярэскі: ) “Сымбалічна, што альбом зьявіўся акраз да 35-й гадавіны першага ў Менску рок-фэстывалю. Якія ў цябе ўспаміны пра гэта, што даў той фэстываль наогул беларускай музыцы?”

(Плясанаў: ) “Гэны фэстываль тады быў не беларускі, яго можна лічыць усесаюзным, бо ён быў першым афіцыйным фэстывалем. Даў ён многа! Колькі гуртоў нашых, уключаючы “Алгоритмы”, у якім на лідэр-гітары іграў Яўген Канавалаў (яны потым аб’езьдзілі ўвесь Саюз), “Зодчие” таксама, гэты гурт меў вялікія гастролі па Саюзе, зрабіўся потым ляўрэатам колькіх конкурсаў. Шмат! Гэта было…”

(Падбярэскі: ) “Варта згадаць, што некаторыя музыканты потым апынуліся ў складзе тых жа “Песьняроў”.

(Плясанаў: ) “І ў “Песьнярах”, і ў Амэрыцы, і па ўсім сьвеце, і, на жаль, многіх ужо і няма з намі”.

(Падбярэскі: ) “Якое ў цябе было асабіста адчуваньне?”

(Плясанаў: ) “Яно і цяпер засталося тое самае: як усё першае, што здараецца ў жыцьці”.

(Падбярэскі: ) “А потым ужо было знаёмства з “Чырвонымі гітарамі”…

(Плясанаў: ) “У той самы год, 1968-ы, калі яны прыехалі да нас у Менск і выступалі ў Палацы спорту. А на пачатку 1969 году я паехаў да іх у Маскву, і мы зь імі дзесяць дзён жылі ў гатэлі “Россия”, пілі гарэлку, сьпявалі песьні, і я хадзіў на ўсе іх канцэрты. І калі Краеўскі быў хворы, і выступ быў перанесены, я іграў на гітары “Satisfaction” замест яго за кулісамі для Анджэя Быхоўскага, парадыста”.

(Падбярэскі: ) “Тут вось просіцца наступнае пытаньне. Хто з маладых выканаўцаў найбольш табе падабаецца? Ці здольны блюз дапамагчы ім дасягнуць канца тунэлю?”

(Плясанаў: ) “З новых гуртоў, якія на сёньняшні дзень іграюць гэтую музыку, я бы найперш вылучыў гурт “Spoonfull”, бо ў музыкантаў ёсьць усе падставы для таго, каб быць аднымі зь лепшых. Але мне не падабаецца, што яны выконваць толькі не сваю музыку. Я думаю, каб у гісторыі Беларусі пакінуць нейкі сьлед, трэба граць сваё”.

(Падбярэскі: ) “Слова — аглядальніку “Музыкальной газеты” Алегу Клімаву”.

(Клімаў: ) “Мне спадабалася, гэта значыць, сам матэрыял добры. Аднак вось калі б яго ўсё ж запісаць крыху лепш! Таму што нешта ўсё ж рэжа слых, але гэта — асноўная прэтэнзія. Наогул, я вельмі люблю рытм-энд-блюз, гэта, бадай, мой самы любімы стыль. А такой музыкі цяпер у Беларусі ня так і шмат, таму што ўсе прывыклі: “Крама” — і, бадай, усё. І вось яшчэ адзін праект, тым больш ад чалавека, які даўно займаецца такой музыкай і нядаўна да яе вярнуўся. Гэта выдатна, калі вяртаюцца да ўласных захапленьняў. Я чакаў, што нешта такое вострае ў тэкстах альбому будзе, але яно і сапраўды там ёсьць”.

(Плясанаў: ) “Мы плянуем зараз выпусьціць альбом, які спачатку мусіў называцца “Жахі навокал”, але два тыдні таму я напісаў песьню з назвай “Ой, Дуся, Дуся!”, і альбом напэўна так і будзе называцца. Бо там такі добры, сьмешны тэкст:

Ой, Дуся, Дуся!
З табой я люблюся,
Ну дык давай
Ствараць хутчэй —
Ей-е-е-ей! —
Ня проста дзетак,
А беларусаў,
Каб беларус
Ня зьнік з вачэй!

Ну, і гэтак далей…”

(Падбярэскі: ) “Усё ж вяртаючыся да назвы гэтага твайго дэбютнага альбому, што ж будзе, калі тунэль той скончыцца? І што ты меў на ўвазе пад тым тунэлем?”

(Плясанаў: ) “Пад тунэлем я нічога ня меў на ўвазе. Калі мы толькі пачыналі сваю музычную кар’еру, мы гралі ў клюбе “Тунэль”. І Ігар Галіцын, які іграў на бас-гітары, прыдумаў назву нашага канцэрту: “Блюз у канцы тунэлю”. Мне гэта вельмі спадабалася, і я вось гэтую фразу і ўзяў у якасьці назвы свайго альбому”.

(Падбярэскі: ) “Вялікі дзякуй табе за гутарку! Я спадзяюся, што сьвятло гэтае, якое ідзе з таго канца тунэлю, няхай спадарожнічае…”

(Плясанаў: ) “Добра, што ты гэта заўважыў, бо няхай у назьве ёсьць словы “ў канцы”, але з таго боку ідзе нармальнае сьвятло, і месяц там, і зоркі…”

(Падбярэскі: ) “Дык вось няхай гэтае сьвятло і спадарожнічае табе яшчэ доўгія-доўгія гады”.

(Плясанаў: ) “І табе таксама дзякуй!”