Як паведамляецца афіцыйна, падчас саміту ў Душанбэ прэзыдэнт Расеі меў толькі дзьве двухбаковыя сустрэчы — зь лідэрамі Таджыкістану ды Армэніі. А 30 красавіка Ўладзімер Пуцін сустрэнецца з украінскім прэзыдэнтам Леанідам Кучмам у Ялце. Сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам не адбылося, хаця кіраўнік Беларусі яшчэ 1 красавіка заявіў, што лічыць мэтазгодным правесьці перамовы са спадаром Пуціным яшчэ перад чарговым паседжаньнем Найвышэйшай дзяржаўнай рады саюзнай дзяржавы, якое чакалася прыканцы красавіка.
Ужо відавочна, што ані паседжаньня, ані дадатковай сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам у гэтым месяцы ня будзе. Хаця сьпікер расейскай Дзяржаўнай думы Генадзь Селязьнёў спадзяваўся, што дакладная дата гэтай сустрэчы якраз і будзе вызначаная ў Душанбэ. “Цягам нашага таптаньня на месцы ў шмат каго ўжо проста рукі апускаюцца”, — заявіў у панядзелак у Краснаярску Генадзь Селязьнёў, нагадаўшы, што на паседжаньні Найвышэйшай дзяржаўнай рады ў трэцяй дэкадзе красавіка мусілі абмеркаваць праект саюзнага Канстытуцыйнага акту.
Цяпер жа ў Расеі пачнецца дэкада травеньскіх сьвятаў, калі ніхто фактычна не працуе.
Чым жа выкліканая такая затрымка з абмеркаваньнем праекту Канстытуцыйнага акту? Агенцтва “Інтэрфакс” цытуе “добра інфармаваную крыніцу ў расейскай сталіцы”, якая заявіла: “Расея надае стварэньню адзінай эканамічнай зоны чатырох дзяржаваў прыярытэтнае значэньне й спадзяецца да канца траўня атрымаць адказ пра стаўленьне да гэтай ідэі беларускага ды ўкраінскага бакоў”.
Гэтая ж крыніца зазначыла, што калі Менск і Кіеў адмовяцца ад стварэньня адзінай эканамічнай прасторы Расеі, Казахстану, Украіны й Беларусі, дык Масква з гэтага трагедыі рабіць ня будзе, але нэгатыўны адказ беларускага боку “дазволіць вызначыцца з будучыняй саюзу Расеі й Беларусі”.
Нагадаю, што ў Душанбэ Аляксандар Лукашэнка ужо фактычна даў нэгатыўны адказ, выказаўшы пагрозу выйсьці з саюзу чатырох — Арганізацыі рэгіянальнае інтэграцыі. Мабыць, таму кіраўніца ўправы прэсавай службы прэзыдэнта Расеі Натальля Цімакова на маё пытаньне, калі ж адбудзецца сустрэча Ўладзімера Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам, адказала гэтак:
(Цімакова: ) “Найбліжэйшым часам не плянуем”.
Спадарыня Цімакова паведаміла таксама, што ёй нічога невядома пра тыя новыя прапановы, якія Лукашэнка абяцаў накіраваць Пуціну наконт далейшага лёсу саюзнае дзяржавы Беларусі й Расеі.