ІРАЦКІЯ ДЫПЛЯМАТЫ РАЗЬЛІЧВАЮЦЬ ПРАТРЫМАЦЦА Ў МЕНСКУ ЯШЧЭ ПАЎГОДУ

Валер Каліноўскі, Менск

Ірацкая амбасада ў Менску ахоўваецца ва ўзмоцненым рэжыме — замест ранейшага аднаго міліцыянта цяпер дзяжураць двое. Самога ірацкага амбасадара Салмана Зэйдана засьпець на працоўным месцы не ўдалося. Затое якраз з абеду на працу прыехаў іншы дыплямат, які назваў сябе консулам Мустафом Камілем Абурам. Ён паведаміў, што праз паўгадзіны амбасадар зьявіцца, а цяпер ён дома. Але і пазьней яго застаць не ўдалося — відавочна, што ён пазьбягае сустрэчаў з прадстаўнікамі прэсы.

На прымацаваным да сьцяны будынку амбасады стэндзе “Ірак сёньня” цяпер разьмешчаныя толькі паштоўкі зь відамі Багдаду ды гістарычных славутасьцяў бабілёнскага пэрыяду. Раней тут віселі вялікія партрэты Садама Хусэйна і Аляксандра Лукашэнкі. Калі я спытаў спадара Абура, куды падзеліся партрэты, той адказаў пытаньнем на пытаньне: “А дзе яны цяпер самі?” Праўда, потым паправіўся, што гэта не датычыць Аляксандра Лукашэнкі.

Такім чынам, зьняцьцём партрэтаў была адзначаная сёньняшняя дата — дзень нараджэньня Садама Хусэйна.

Як запэўніў Мустафа Каміль Абур, у астатнім нічога ў амбасадзе не зьмянілася. Дыпляматы штодня прыходзяць на працоўныя месцы і чакаюць сьвежых паведамленьняў з Багдаду. Да гэтага часу ім не ўдалося ўступіць у нейкі кантакт з новай адміністрацыяй, хаця з роднымі, якія застаюцца ў Іраку, праз спадарожнікавы тэлефон некаторым дыпляматам пагаварыць пашчасьціла.

Гэтак будзе працягвацца, пакуль у Іраку ня зьявіцца новы грамадзянскі ўрад, магчыма, праз 5–6 месяцаў, кажа спадар Абур. А далей — хто ведае, можа, ірацкая амбасада ў Менску больш не спатрэбіцца, — гэтак сказаў ірацкі дыплямат. На пытаньне, ці хопіць дыпляматам і іх сем’ям на гэты час грошай на жыцьцё, ён усьміхнуўся і сказаў, што турбавацца ня варта. Пра тое, што рахунак амбасады ў “Інфабанку” ўжо замарожаны, ён ня ведаў.

Спадар Абур абверг паведамленьні беларускай і расейскай прэсы пра тое, што амбасадар Салман Зэйдан скраў грошы і зьбіраецца ўцячы ў адну з арабскіх краінаў. Ірацкі дыплямат паведаміў, што спадар Зэйдан ужо два тыдні ня меў кантактаў зь Міністэрствам замежных справаў Беларусі.

Тым часам у МЗС Беларусі зазначаюць, што ірацкія дыпляматы захоўваюць свой дыпляматычны статус, пакуль іх не адкліча законны ўрад Іраку і не паінфармуе аб гэтым Беларусь адпаведнай нотай — паведаміў прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных.

Што да беларускіх дыпляматаў, акрэдытаваных у Іраку, то абодва яны пакінулі Дамаск, куды былі пераведзеныя перад пачаткам вайны, і цяпер знаходзяцца ў Менску ў адпачынку.

(Савіных: ) “Сытуацыя не настолькі складаная, каб іх там трымаць. Нашай амбасады ў Сырыі хапае для таго, каб ажыцьцяўляць якасны маніторынг разьвіцьця сытуацыі”, — паведаміў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных.