ГРАМАДЗКАЕ АБ’ЯДНАНЬНЕ “РАТУША” ПАД ПАГРОЗАЙ ЛІКВІДАЦЫІ

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Паводле старшыні “Ратушы” Аляксандра Мілінкевіча, спачатку аб’яднаньне накіруе пісьмовыя тлумачэньні сваёй пазыцыі адносна пазову ў суд.

(Мілінкевіч: ) “Улада хацела б мець адзін прафсаюз, адну маладзёвую арганізацыю, адну рэлігію, адну ідэалёгію і гэтак далей. І безумоўна тое, што робіць такая арганізацыя, як “Ратуша” і многія іншыя, не адпавядае інтарэсам дзяржавы. Дзяржава не хацела б, каб было многа цікавых ініцыятываў. Асабліва ў невялікіх гарадках. А гэта якраз тое, чым мы займаемся. Безумоўна, яе клапоціць, што колькасьць актыўных людзей расьце. У тым ліку дзякуючы нашай працы”.

Аляксандар Мілінкевіч гаворыць, што яны адчувалі ціск з боку ўладаў. Пачынаючы з 1999 году “Ратуша” атрымала некалькі папярэджаньняў, у памяшканьні рабіліся ператрусы. Аднак да апошніх дзён заставалася спадзяваньне, што яна будзе існаваць.

Апошняе папярэджаньне датычыла таго, што ў аб’яднаньні ёсьць рызограф. А ліцэнзіі, маўляў, няма. У “Ратушы” мусілі падрыхтаваць паперы, каб перадаць бясплатна рызограф унівэрсытэту. Але ўпраўленьне юстыцыі, не чакаючы, падало пазоў аб ліквідацыі арганізацыі ў суд.

Аляксандар Мілінкевіч ня мае ілюзіяў адносна судовага працэсу. Аднак захоўвае пэўны аптымізм.

(Мілінкевіч: ) “На жаль, сёньняшнія суды — яны абсалютна залежныя. І хутчэй за ўсё, рашэньне будзе прынятае на карысьць упраўленьня юстыцыі. І нам прыйдзецца шукаць іншыя формы існаваньня. Скажу толькі адно: безумоўна, мы жыць будзем, хаця цяжкасьці наперадзе значныя”.