У БЕЛАСТОКУ НА ГАДАВІНУ ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ ТРАГЕДЫІ АДБЫЛАСЯ ЖАЛОБНАЯ ІМША І ПІКЕТ КАЛЯ БЕЛАРУСКАГА КОНСУЛЬСТВА

Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Гаворыць Ясь Абадоўскі – старшыня Зьвязу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы, арганізацыі, якая наладзіла сёньняшні пікет:

(Абадоўскі: ) “Мы хочам нагадаць і палякам, і беларусам пра Чарнобыль, але акрамя гэтага і пра палітычныя праблемы. Вось, прыкладам, у турме сядзіць прафэсар Бандажэўскі па сфабрыкаванай справе. Мы хочам, каб людзі на гэта таксама не забываліся”.

У часе акцыі, прысутныя перадалі віцэконсулу Беларусі ў Беластоку Аляксандру Харытанюку пэтыцыю да цяперашніх беларускіх уладаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем больш актыўнага дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў праблемы, зьвязаныя зь ліквыдацыяй наступстваў аварыі. У часе размовы з удзельнікамі пікету, Аляксандар Харытанюк заявіў, што праблемы, зьмешчаныя ў пэтыцыі, хвалююць і беларускія ўлады і што гэты дакумэнт будзе перададзены ў Менск.

У акцыі браў удзел і старшыня Беларускага Саюзу ў Польшчы Яўген Вапа. На ягоную думку, у Польшчы, таксама як і ў Беларусі, паціху забываюцца на Чарнобыль.

(Вапа: ) “Гэта відаць па тым, што калі ў іншых эўрапейскіх краінах ёсьць шмат праграм, скіраваных на ліквідацыю наступстваў чарнобыльскай навалы, то ў Польшчы такіх праграм вельмі мала. Таму варта нагадваць грамадзкасьці пра Чарнобыль і тут, у Польшчы”.

Удзельнікі пікету выкарысталі даволі нетыповы спосаб інфармаваньня жыхароў Беластоку пра мэты сваёй акцыі. Насупраць консульства яны ўсталявалі тэлевізар з відэамагнітафонам і ўвесь час дэманстравалі фільмы, зьвязаныя з Чарнобылем, а таксама цяперашняй палітычнай сытуацыяй у Беларусі.

Сёньня з нагоды ўгодкаў чарнобыльскай навалы ва ўсіх каталіцкіх храмах Беласточчыны была адслужаная памінальная імша. А дакладна тыдзень таму падобная імша адбылася і ў храмах праваслаўных.