ДЗЯРЖАЎНУЮ ПРЭМІЮ ІМЯ ЯНКІ КУПАЛЫ Ў ГАЛІНЕ ПАЭЗІІ НЕ ПРЫЗНАЧЫЛІ

Валер Каліноўскі, Менск

Дзяржаўную прэмію за мінулы год ў галіне прозы імя Якуба Коласа атрымаў доктар філалёгіі Васіль Жураўлёў за кінігу крытыкі “У пошуках духоўных ідэалаў”, прэмію за творы для дзяцей – Алесь Савіцкі за кніжку “Дзівосы Лысай гары”, ляўрэатам прэміі імя Кастуся Каліноўскага за мастацкую публіцыстыку стаў Уладзімер Саламаха – былы супрацоўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі – за кнігу літаратурнай публіцыстыкі і рэцэнзіяў “Званыя і выбраныя” і публіцыстыку апошніх гадоў. Прэмія за творы паэзіі не дасталася нікому.

Галоўны дарадца ідэалягічнай управы прэзыдэнцкай адміністрацыі Ірына Дрыга не змагла патлумачыць прычыны гэтага:

(Дрыга: ) “Праект указу нам уносіў урад. Тое, што там было, пасьля дадатковага вывучэньня ўсіх матэрыялаў, было перададзенае на даклад кіраўніку дзяржавы. Мы ж не вылучаем гэтых намінантаў”.

Як паведаміў Навум Гальпяровіч, прадстаўнік былога кіраўніцтва Саюзу пісьменнікаў, летась на літаратурныя прэміі былі намінаваныя больш як дзесяць паэтаў і празаікаў, выбар у дзяржаўных чыноўнікаў, якія разглядалі прапановы, быў. Але спадар Гальпяровіч ня лічыць, што, не прысудзіўшы прэмію імя Янкі Купалы, кагосьці пакрыўдзілі.

(Гальпяровіч: ) “З розных прычынаў, магчыма, таму што кнігі менш выходзяць зараз, такіх яркіх зьяваў, якія б сапраўды вылучаліся на агульным фоне, на жаль, за той пэрыяд, магчыма, ня надта і было”.

Крытык Ірына Шаўлякова мяркуе, што прычына зусім не ў заняпадзе беларускай паэзіі: улада ня можа даць прэмію сваім палітычным апанэнтам, а прэміраваць тых, хто да яе набліжаны, відаць, сорамна, – кажа спадарыня Шаўлякова:

(Шаўлякова: ) “Зараз прэмія – гэта сьведчаньне, можа быць, не эстэтычнай вартасьці, а ідэалягічнай ляяльнасьці. Вось і ўсё. Праўда, я тое не магу сказаць пра кнігу Васіля Жураўлёва, таму што гэта ўзор такога акадэмічнага літаратуразнаўства”.

Аднак Ірына Шаўлякова здзіўленая рашэньнем аб ляўрэаце прэміі ў галіне прозы:

(Шаўлякова: ) “Калі людзі ня могуць адрозніць літаратуразнаўства ад прозы, то тут ужо якія камэнтары… Калі прэмію Якуба Коласа за прозу аддаюць літаратуразнаўчай кнізе, пры ўсё павазе да Васіля Пракопавіча Жураўлёва – гэта называеццца кунсткамэра”.

Старшыня Саюзу пісьменнікаў Беларусі Алесь Пашкевіч таксама ня згодны зь меркаваньнем, што ў апошнія гады не было створана і выдадзена добрых паэтычных зборнікаў. Ён выказвае шкадаваньне, што дзяржаўную літаратурную прэмію імя Янкі Купалы за год, у якім адзначаўся юбілей песьняра, улады ўвогуле не прысудзілі.

(Пашкевіч: ) “Сорамна, калі юбілейны год, а беларускія пісьменнікі не стварылі нічога дастойнага дзяржаўнай увагі, сорамна. Будзем глядзець, трэба перабраць яшчэ ўсе зборнікі паэзіі, якія выйшлі, абдумаць, абгаварыць, каб потым не галаслоўна, з фактамі выказацца”.

Алесь Пашкевіч кажа, што Саюз пісьменнікаў хутка адродзіць свае літаратурныя прэміі.

Цяпер літаратары і самі адмаўляюцца ад дзяржаўных прэміяў, каб не патрапіць у сітуацыю, як Ніна Мацяш ці Мікола Купрэеў, якіх вылучалі на дзяржаўную прэмію, але якім было неаднаразова адмоўлена з палітычных меркаваньняў.