ПАСЬЛЯ МАСАВЫХ РАБАВАНЬНЯЎ У БАГДАДЗЕ ЖЫХАРЫ ДОБРААХВОТНА ВЯРТАЮЦЬ СКРАДЗЕНАЕ

Падрыхтаваў Віталь Тарас

Вось што паведаміў сёньня з Багдаду карэспандэнт іракскай службы Радыё Свабода – Радыё Фарда Ахмад Рахаф: “Дзяржаўная паліцыя пачала працаваць толькі тры дні таму, і многія раёны застаюцца без нагляду паліцыянтаў. У некаторых раёнах – такіх як Садам-Сіты (дзе жыве большасьць шыітаў) – створаныя ўласныя сілы бясьпекі: так званая грамадзянская паліцыя. Яна складаецца з жыхароў раёну, адабраных імамам мясцовага мячэту. Яны маюць ліст ад амэрыканскага афіцэра, які даў ім права выконваць гэтыя функцыі”.

Паводле Ахмада Рахафа, некаторыя з тых, хто ахоўвае мячэты і шпіталі, узброеныя аўтаматамі Калашнікава, аднак большасьць ня маюць зброі. Насельніцтва з павагай ставіцца да сябраў грамадзянскай паліцыі, паколькі мясцовыя жыхары іх добра ведаюць. Між тым, зараз многія з удзельнікаў рабаваньняў добраахвотна вяртаюць скрадзенае.

Гаворыць Ахмад Рахаф: “Многія мячэты перапоўненыя кампутарамі, капіравальнымі машынамі ды іншымі рэчамі, скрадзенымі ва ўрадавых установах альбо крамах, ці нават у прыватных кватэрах. Рабаўнікі вяртаюць рэчы назад, і яны захоўваюцца ў мячэтах. Я спытаўся імама аднаго мячэту, каля якога зараз прыпаркаваныя тры вернутыя аўтамабілі: што яны будуць рабіць з гэтым? І атрымаў адказ, што калі будзе створаны новы ўрад, яны перададуць рэчы законным уладам”.

Стварэньне рэгулярнай паліцыі адбываецца марудна, паколькі амэрыканская адміністрацыя мае намер правесьці гутарку з кожным, хто жадае паступіць на працу. Ахмад Рахаф адзначае ролю ў навядзеньні парадку сілаў Свабоднага Іраку – фармаваньняў Ірацкага Нацынальнага кангрэсу, які ўзначальвае Ахмад Чалабі.

“Ад учорашняга дня на блёк-пастах, усталяваных, каб спыніць рабаваньні, зьявіліся людзі з фармаваньняў Свабоднага Іраку. якія правяраюць машыны. Учора я ўпершыню пабачыў такі блёк-пост у вельмі фэшэнэбэльным раёне Багдаду, дзе шмат амбасадаў, і я бачыў, як людзі з войскаў Свабоднага Іраку, правяраючы машыны, размаўлялі зь людзьмі, спрабуючы іх супакоіць і ў той жа час – прымусіць паважаць закон”.