АРГАНІЗАТАРЫ "ЧАРНОБЫЛЬСКАГА ШЛЯХУ" ПАГАДЗІЛІСЯ З МАРШРУТАМ УЛАДАЎ ТОЛЬКІ ЧАСТКОВА

Альгерд Невяроўскі, Менск

Арганізатары сёлетняга шляху, прысьвечанага 17 гадавіне Чарнобыльскай катастрофы, хацелі арганізаваць 26 красавіка шэсьце з пляцу Якуба Коласа да Опэрнага тэатру, дзе меўся адбыцца мітынг. Але ўлады настойваюць на іншым маршруце: ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Арганізатары з прапанаваным маршрутам пагадзіліся толькі часткова. Гаворыць адзін з заяўнікаў шэсьця, намесьнік старшыні АГП Сяргей Альфер:

(Альфер: ) " Мы сустрэліся з кіраўніцтвам менскай міліцыі. І ў выніку перамоваў дамовіліся, што з большага мы будзем трымацца дазволенага маршруту. Але паколькі грамадзкасьць была інфармавана пра папярэдняе месца збору на пляцы Я.Коласа, то збор будзе йсьці ў 2 месцах. Адзін з арганізатараў будзе скіроўваць людзей з пляцу Коласа да Акадэміі навук, адкуль пойдзе асноўная калёна".

Ад Акадэміі навук калёна пройдзе да пляцоўкі каля ўнівэрсаму "Рыга", дзе пад звон чарнобыльскага набату людзі будуць 17 хвілінаў стаяць моўчкі, памінаючы ахвяраў катастрофы.

Хаця арганізатары й дамовіліся зь міліцыянтамі, што тыя ня будуць перашкаджаць праходу людзей з пляцу Я.Коласа да Акадэміі навук, але няма ніякіх гарантыяў, што гэтыя абяцаньні будуць выкананыя. Гаворыць сябра аргкамітэту "Чарнобыльскага шляху", лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Мы аналізуем магчымыя наступствы адмены візавых абмежаваньняў для вышэйшых беларускіх чыноўнікаў. Безумоўна гэта вельмі сур'ёзны крок з боку эўраатлянтычнай супольнасьці, які паказвае менскаму рэжыму, што ў яго ёсьць шанцы засьведчыць глыбокімі зьменамі, што ў Беларусі ёсьць дэмакратычная пэрспэктыва. Я думаю паводзіны й рэакцыя ўладаў 26 красавіка на безумоўна мірнае, традыцыйнае жалобнае шэсьце, гэтая рэакцыя будзе індыкатарам таго наколькі ўлада здольная хаця б дэманстраваць цывілізаванасьць".

"Чарнобыльскі шлях" у Менску пачнецца а 16 гадзіне 26 красавіка. Вулічныя акцыі рознага фармату пройдуць у гэты дзень у Магілёве, Віцебску й Пінску.

У аргкамітэт "Чарнобыльскага шляху" ўвайшлі прадстаўнікі амаль усіх апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, але ня ўсіх. Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ лічаць, што праводзіць шлях ўвечары напярэдадні праваслаўнага Вялікадня ня варта. Таму актывісты гэтай партыі ўшануюць памяць ахвяраў катастрофы падчас імшы ў Чырвоным касьцёле.

Менскія ўлады адзначаць 17-я ўгодкі Чарнобылю ў суботу афіцыйным мітынгам з 10 да 11 гадзіны на плошчы Бангалор.

А напярэдадні 26 красавіка – у пятніцу фонд Дзецям Чарнобыля" праводзіць у Менску моладзевы фэстываль пад назваю "Сьвет пасьля Чарнобылю. Погляд у будучыню".