ГІМН САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ ПЛЯНУЮЦЬ ЗАСЬПЯВАЦЬ У ТРАЎНІ

Ігар Карней, Менск

Кампазытар Эдуард Ханок, які апошнім часам стала жыве ў Маскве, да ідэі будаўніцтва саюзнай дзяржавы, як ён сам кажа, індыфэрэнтны. Таму і спробы ўпрыгожыць віртуальную міждзяржаўную надбудову рознага кшталту “рытуальнай” атрыбутыкай лічыць прафанацыяй.

(Ханок: ) “Усе звар’яцелі на саюзе і спрабуюць яго будаваць рукамі людзей, якія цяпер мала каму цікавыя. Ва ўсім гэтым спрацоўвае варыянт, які я называю правінцыялізмам. Я гляджу, хто з палітыкаў у гэтым задзейнічаны, якія акторы, кампазытары. Гэта людзі зь мінулага, яны ня здольныя ўдыхнуць сапраўднае жыцьцё ў саюз, у іх няма энэргетыкі. Таму нічога і не атрымліваецца ні ў водным кірунку. Зрэшты, я ў тыя справы нават ня ўлажу, няхай будуюць свой саюз. Прынамсі, у такім саюзе я патрэбы ня маю, бо ён нічога ня дасьць ні мне, ні краіне — я ў гэтым цалкам перакананы”.

Тым часам, сябры працоўнай групы ў справе, так бы мовіць, “дзяржпрыёмкі” саюзнага гімну (а сярод іх Генадзь Селязьнёў, Іосіф Кабзон, Сяргей Міхалкоў, Мікалай Баскаў, Ігар Лучанок, Міхаіл Падгайны і іншыя) настроеныя засьпяваць гімн ужо ў траўні. Ужо адкінутыя тры сотні аматарскіх тэкстаў, бальшыня якіх зрыфмаваныя паводле прынцыпу “Русь-Беларусь”. Цяпер справа вядзецца толькі з прафэсійнымі паэтамі і кампазытарамі.

Сярод найбольш рэальных прэтэндэнтаў — кампазытар Ігар Лучанок. Сёньня ён адмыслова дзеля гэтага выпраўляецца ў Маскву.

(Лучанок: ) “Я разумею інтарэс да гэтага. Калі мая песьня прагучала ў Менску ў парлямэнце (тады сам Селязьнёў яе абвесьціў), я вяртаюся, а мне ўжо тэлефануюць з амэрыканскай амбасады. Я, кажу, прабачце — гэта яшчэ ня гімн, гэта песьня лірычнага сяброўства народаў Расеі і Беларусі. Тады яны адчапіліся... Упэўнены, будзе створаны мастацкі твор аб сяброўстве народаў”.

У Расеі да ідэі сумеснага гімну стаўленьне таксама супярэчлівае. Сакратар Інстытуту герба і сьцяга Расейскай Фэдэрацыі Дзьмітры Іваноў напярэдадні выказаўся, што гімн — гэта “грамадзянская малітва”, аднак сёньня грамадзянам Расеі й Беларусі няма пра што сумесна маліцца. Падобная думка і ў паэта-песеньніка Сяргея Панізьніка.

(Панізьнік: ) “Калі нешта распачынаць, дык гэта ж патрэбны падмурак душэўны, душэўнае багацьце. А тут я нічога падобнага ня бачу, суцэльная эфэмэрнасьць. Гэта тое воблака, зь якога дождж ня пойдзе. Надзімаюць яго зь зямлі, таму нічога зь яго не пальецца і нічога ня ўзыдзе. Усё ў нас павыбітае... Факт, што патрэбнае нейкае абнаўленьне. Надзеі на маладых. Але ж калі яны прыйдуць, калі Майсей прывядзе маладых?”

Шмат хто лічыць, што стварыць сумесны гімн з доўгай будучыняй немагчыма ўжо хоць бы таму, што, паводле саюзнай дамовы, Саюз Расеі й Беларусі адкрыты для далучэньня да яго іншых дзяржаваў. У такім разе Расея і Беларусь наогул не павінны ўзгадвацца ў тэксьце, каб не пакрыўдзіць патэнцыйных удзельнікаў альянсу.