КАМIСIЯ ААН У ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА ПРЫНЯЛА РЭЗАЛЮЦЫЮ АБ СТАНОВIШЧЫ Ў БЕЛАРУСI

Аляксей Знаткевiч, Прага

Новая рэзалюцыя дрозьнiваецца ад мноства iншых, якяi прымалiся раней датычна Беларусi рознымi мiжнароднымi арганiзацыямi. Па-першае, камiсiя ААН нiколi дагэтуль наконт становiшча з правамi чалавека ў Беларусi рэзалюцыяў не прымала. Раней гэта рабiлi цi эўрапейскiя арганiзацыi, цi арганiзацыi, якiя найперш займаюцца справамi Эўропы – да прыкладу, тая ж Арганiзацыя бясьпекi i супрацоўнiцтва ў Эўропе.

Па-другое, гэтая рэзалюцыя больш жорсткая i канкрэтная, чым большасьць таго, што прымалася раней iншымi арганiзацыямi. У прыватнасьцi, яна заклiкае ўрад Беларусi звольнiць цi часова адхiлiць ад пасадаў тых прадстаўнiкоў праваахоўчых органаў, якiя датычныя да зьнiкненьняў людзей. Сярод iншых патрабаваньняў –забясьпечыць незалежнасьць судовай улады, а таксама вызвалiць зьняволеных паводле палiтычных матываў.

Па-трэцяе, камiсiя прапануе Вярхоўнаму камiсару ААН у правах чалавека прызначыць свайго прадстаўнiка, якi б больш дэталёва вывучыў становiшча з правамi чалавека ў Беларусi i даў справаздачу на наступнай сэсii.

Камiсiя прыняла рэзалюцыю па Беларусi адносна невялiкай большасьцю галасоў. За рэзалюцыю прагаласавалi 23 краiны, супраць – 14, устрымалiся – 16. Традыцыйна супраць галасавала Расея, якая амаль заўжды выступае ў ролi абаронцы беларускiх уладаў. З краiнаў СНД таксама супраць былi Армэнiя i Ўкраiна. Астатнiя краiны – гэта збольшага тыя, хто сам неаднаразова патрапляў у “чорныя сьпiсы” найгоршых парушальнiкаў правоў чалавека ў сьвеце. Сярод тых, хто галасаваў супраць – Вiетнам, Зымбабвэ, Індыя, Кiтай, Куба, Лiбiя, Малайзiя, Паўдзённая Афрыка, Свазыленд, Сырыя i Судан.