ПРАДСТАЎНІКІ ДЗЯРЖКАМАВІЯЦЫІ АДБЫЛІ Ў НІГЕРЫЮ

Ігар Карней, Менск

Некаторыя афіцыйныя СМІ яшчэ ў сераду абвесьцілі, што пілёты могуць вярнуцца дадому ў чацьвер-пятніцу. Аднак кіраўніцтва гомельскага авіяатраду кажа, што спадзяваньні моцна перабольшаныя. Гаворыць намесьнік кіраўніка “Гомельавія” Юры Дзеравянка:

(Дзеравянка: ) “Ну, гэта ж тэлебачаньне давала інфармацыю, у нас падобных зьвестак няма. Там цяпер прадстаўнікі Дзяржкамавія, таму, мяркую, хутка сытуацыя праясьніцца. Толькі спадзяемся, што хлопцаў ня высяляць з гатэлю, ім жа жыць недзе трэба. Але цяжка сказаць, як усё расьцягнецца ў часе. Відавочна, гэта будуць ведаць тыя, хто цяпер там. А пакуль адтуль інфармацыі не было”.

Прадстаўнік Дзяржкамавія Вадзім Біцан гэтаксама ня верыць, што магчыма станоўча вырашыць пытаньне за два-тры дні. Да таго ж, эмісары камітэту толькі ў пятніцу пачынаюць адпаведныя перамовы з фрахтавацелем і ўладамі Лягосу. А вось загадчык расейскага кансуляту ў Лягосе Аляксандар Кулікоў ужо тры тыдні ад імя беларусаў займаецца ліставаньнем з шэрагам ведамстваў, і ўпэўнены: Нігерыя — ня тая краіна, дзе ўсё робіцца хутка.

(Кулікоў: ) “Майце на ўвазе: у Нігерыі вельмі сур’ёзныя інструкцыі да тых, хто сюды прыяжджае. Звычайнаму чалавеку лепш наагул ня сунуцца, бо гэта — самая складаная краіна ў сьвеце паводле махлярства, тут сканцэнтраваныя ўсясьветныя махлярскія сындыкаты. Тое ж тычыцца і карупцыі сярод чынавенства. Таму прагназаваць сытуацыю вельмі складана. Са словаў заказчыка, пілётаў павінны былі з гатэлю вызваліць сёньня. Не атрымалася. Станоўчы момант ужо той, што заказчык не адмаўляецца ад сваіх абавязкаў. Будзем спадзявацца на лепшае, але, паўтару — гэта краіна, дзе кожную сэкунду ўсё мяняецца. Таму нават у чыноўнікаў усё імкнемся пацьвярджаць пісьмова, каб потым яны ад сваіх словаў не адыходзілі”.

Перажываюць з нагоды нечакана доўгай камандзіроўкі ня толькі начальнікі ды сваякі тых, хто застаецца ў Лягосе. Кіраўніца турфірмы “Гомельтурыст” Мая Рэмезава падлічвае страты: хутчэй за ўсё, у горадзе так і не прызямліцца нігерыйскі турыстычны дэсант.

(Рэмезава: ) “Наагул зьбіралася прыляцець сто чалавек. Калі сотня чалавек цягам трох тыдняў жыве ў гатэлі, харчуецца ў рэстарацыі — для нас гэта вельмі выгадна. Групу мусілі скласьці розныя людзі, гэта не адзін нейкі прафэсійны зрэз, але ўсе яны замовілі экскурсійную праграму; зьбіраліся жыць у Гомелі, адпачываць і глядзець Беларусь — у нас была падрыхтаваная праграма падарожжа па ўсёй рэспубліцы. Таму добра, што хоць хтосьці выказаў жаданьне прыехаць; у нашай практыцы гэта першы выпадак масавага турызму. І шкада, калі нічога не атрымаецца. А ўсё ідзе да таго, што, напэўна, не прыедуць”.

На жаль, пагаварыць непасрэдна зь лётчыкамі сёньня не ўдалося. Адміністратар гатэлю, у якім практычна бязвылазна сядзяць 10 сяброў экіпажаў і дзьве бортправадніцы, спаслаўшыся на тэхнічныя праблемы з тэлефоннай сувязьзю, проста кінуў слухаўку.