ЦІ ПАЛЕПШАЦЬ НОВЫЯ САЦЫЯЛЬНЫЯ СТАНДАРТЫ СТАНОВІШЧА БЕЛАРУСАЎ?

Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Кастусь Скуратовіч і намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, былы міністар працы Аляксандар Сасноў

(Валер Карбалевіч: ) “Улада заклапацілася распрацоўкай і ўвядзеньнем стандартаў сацыяльнай абароны насельніцтва. Гэтай тэме была прысьвечаная адмысловая нарада ў адміністрацыі прэзыдэнта 11 красавіка, шмат увагі якой надалі дзяржаўныя СМІ. Не выклікае сумненьня, што такія стандарты патрэбныя. І насельніцтва павінна ведаць аб сваіх правах на сацыяльную дапамогу, і дзяржаўныя ўстановы павінны ведаць свае абавязкі.

Але тут узьнікаюць пытаньні. Вядома, што нарматывы, правіла, інструкцыі заўседы існавалі ў кожнай установе, якая мела дачыненьне да сацыяльнай сфэры. Чаму ўзьніла неабходнасьць у новых стандартах?

Зь іншага боку, вядома, што апошні час сацыяльная сфэра перажывае цяжкасьці, сацыяльная абарона насельніцтва пагоршылася. На згаданай нарадзе было падкрэсьлена, што новыя стандарты будуць уводзіцца на аснове экспэрымэнту па адраснай абароне насельніцтва, які праводзіцца ў шэрагу рэгіенаў. Але вядома, што гэтая новая экспэрымэнтальная мадэль сацыяльнай абароны прадугледжвае значнае скарачэньне сацыяльнай дапамогі дзяржавы. Таму ўзьнікае падазрэньне, што ўвядзеньне новых стандартаў азначае іх зьніжэньне, выкліканае пагаршэньнем эканамічнага становішча. Як вы мяркуеце?”

(Кастусь Скуратовіч: ) “Праблема ў тым, на якім узроўні вызначаць гэтыя стандарты. Калі зыходзіць з нармалёвай патрэбы ў рознага віду паслугах, то яны могуць быць і высокімі, і нізкімі. Усё залежыць ад таго, у якім стане знаходзіцца эканоміка, якія традыцыі вызначаюць вобраз жыцьця чалавека.

Чатыры гады таму ўказам прэзыдэнта былі вызначаныя 13 сацыяльна значных бытавых паслугаў. Гэта значыць, такія паслугі, безь якіх няможна годна жыць. Але ўрад зьнізіў колькасьць гэтых сацыяльна значных паслугаў з 13 да 3. І цяпер сюды ўваходзяць паслугі цырульняў, рытуальныя паслугі й лазьні.

Але як засьведчыла праверка Дзяржкантролю, у некаторых раёнах краіны ў сельскай мясцовасьці асобныя віды паслугаў увогуле не прадастаўляюцца. Так, у Гомельскай вобласьці ў вёсках няма паслугаў фотаграфаваньня. У Магілёўскай вобласьці не рамантуюць тэле- і радыёапаратуру, бытавую тэхніку. У Копыльскім і Нараўлянскім раёнах адсутнічаюць тыя самыя цырульні. А ў Жабінкаўскім і Кармянскім раёнах няма ні лазьні, ні душа.

А як забясьпечыць стандарты на паслугі жыльёва-камунальнай гаспадаркі, уніфікаваць іх, калі сабекошт вытворчасьці адной адзінкі цяпла ў Магілёўскай вобласьці амаль у два разы, а страты ў цепласетках — у 1,5 разу вышэй, чым у Гарадзенскай вобласьці?”

(Аляксандар Сасноў: ) “Праблема ў тым, што сацыяльных стандартаў як такіх да гэтага часу можна сказаць і не было. Таму і пачалі іх распрацоўваць. І калі будуць нейкія стандарты, то гэта зусім нядрэнна. Гэта дазволіць дзяржаве выконваць пэўнае кола паслугаў для пэўных катэгорыяў насельніцтва.

Але ўзьнікае пытаньне аб мэтах гэтай кампаніі. Калі дзяржава хоча паменшыць колькасьць паслугаў — гэта адно. Калі яна хоча, каб насельніцтва ведала аб стандартах і мела магчымасьць патрабаваць іх выкананьня нават праз суд — гэта другое. Але той прыклад, які прывёў спадар Скуратовіч, калі з 13 зацьверджаных паслугаў засталося толькі 3, сьведчыць аб тым, што гаворка ідзе аб першай вэрсіі. То бок, улада будзе зьмяншаць колькасьць паслугаў, якія даступныя большасьці насельніцтва. Пра гэта сьведчыць і паўсюднае скарачэньне бюджэтных сродкаў на сацыяльную сфэру. І вось гэта дрэнна”.

(Карбалевіч: ) “Узьнікае пытаньне і адносна практычных наступстваў увядзеньня новых сацыяльных стандартаў. Калі б Беларусь была прававой дзяржавай, дзе сацыяльныя правы насельніцтва гарантаваныя законам, тады любы грамадзянін, які атрымаў паслугі ніжэй за вызначаны стандарт, мог бы зьвяртацца ў суд. Але цяпер гэта немагчыма з многіх прычынаў. Фактычна дзяржаўныя ўстановы не нясуць ні юрыдычнай, ні матэрыяльнай адказнасьці за парушэньне стандартаў, якія, дарэчы, адбываюцца на кожным кроку. То бок увядзеньне сацыяльных стандартаў не падмацоўваецца ні юрыдычнымі, ні матэрыяльнымі чыньнікамі. Дык у чым тады сэнс гэтай кампаніі ў СМІ, палымяных заяваў Лукашэнкі аб сацыяльнай абароне насельніцтва?”

(Скуратовіч: ) “Справа ў тым, што ў бюджэце не хапае грошай. Аб гэтым сьведчаць заданьні па павялічэньні платных паслугаў установам мэдыцыны і адукацыі. І асноўная частка грошай, якія яны зарабляюць, ідзе ў іх бюджэт. У некаторых мэдычных установах рэнтабэльнасьць дасягае 150–300%, хоць урадам устаноўленая норма 30%.

Фармальна грамадзянін у нас мае права зьвярнуцца ў суд са скаргай на афіцыйную асобу. Але які сэнс? Калі ў мэдычнай установы няма грошай на лекі, то які сэнс скардзіцца ў суд?

Таму галоўная прычына ўвядзеньня сацыяльных стандартаў — палітычная. Лукашэнка сказаў на згаданай нарадзе, што ягоная мэта як прэзыдэнта — забесьпячэньне сацыяльнай абароны насельніцтва. Гэта палітычная задача. На практыцы яна вядзе да ператварэньня дзяржавы ва ўстанову сацзабесьпячэньня”.

(Сасноў: ) “Больш заўважаецца палітычны сэнс. Лукашэнка стварае імідж палітыка, які хоча быць добрым для ўсіх, клапоціцца аб насельніцтве, абараняе яго. Асабліва гэта важна ў пляне тых намераў наконт трэцяга тэрміну”.

(Карбалевіч: ) “Падчас нарады з вуснаў Лукашэнкі прагучаў такі цудоўны піарны тэзыс — маўляў, я стаўлю такія правільныя задачы ў сэнсе сацыяльнай абароны, але яны не рэалізуюцца, не даходзяць людзей.

Падчас нарады Лукашэнка заявіў, што цэны ў недзяржаўных мэдычных установах не павінны перавышаць цэны ў дзяржаўных установах. Што можа азначаць гэтая чарговая вайна супраць прыватнага сэктару? Да якіх наступстваў можа прывесьці рэалізацыя такога загаду? Ці зможа ўвогуле выжыць недзяржаўная мэдыцына ў такіх варунках?”

(Скуратовіч: ) “Недзяржаўныя мэдычныя ўстановы лічацца камэрцыйнымі структурамі. Таму яны павінны плаціць падаткі, арэндную плату, мець грошы для разьвіцьця сваёй матэрыяльнай базы і выплаты прыстойных заробкаў супрацоўнікам. Каля гэтага ня будзе, то якасьць паслугаў у іх будзе такой жа дрэннай, як і ў дзяржаўных установах”.

(Сасноў: ) “Тут трэба паглядзець, якія выдаткі маюць дзяржаўныя і недзяржаўныя мэдычныя ўстановы. Калі цэны ў недзяржаўных установах панізіць да ўзроўню дзяржаўных, то з улікам падаткаў і высокай платы за арэнду, недзяржаўныя ўстановы ня выжывуць.

Але праблема ў тым, што ў недзяржаўных і дзяржаўных мэдычных установах працуюць тыя ж самыя людзі. І ня выключаная сытуацыя, што наадварот, цэны ў недзяржаўных фірмах будуць павышацца да ўзроўню дзяржаўных. І ў выніку цэны на мэдычныя паслугі ў краіне павысяцца”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, добрая ідэя ўвядзеньня сацыяльных стандартаў ва ўмовах паглыбленьня эканамічнага крызысу можа прывесьці да таго, што гэтыя стандарты ня будуць выконвацца і ўладзе давядзецца іх пастаянна карэктаваць у бок зьмяншэньня”.