СА СПЭЦПРЫЁМНІКА-РАЗЬМЕРКАВАЛЬНІКА Ў МЕНСКУ ВЫЙШЛІ АПОШНІЯ ПАЛІТВЯЗЬНІ

Любоў Лунёва, Менск

Сёньня пасьля 15-сутачнага арышту на волю выйшаў старшыня страйкаму прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі. Яго затрымалі 1 красавіка на плошчы Незалежнасьці ў той момант, калі ён намагаўся перадаць пэтыцыю прадпрамальнікаў у Менгарвыканкам. Валерыя пазбавілі волі нягледзячы на тое, што ў той момант ён быў разам зь непаўнагадовым сынам, якога ўзяў з сабой з Горадні.

Судзьдзя Руслан Казадаеў арыштаваў прадпрымальніка на 15 сутак за ўдзел у маршы “За лепшае жыцьцё”. Хлопчыка пакінулі аднаго ў калідоры суду. Валеры Леванеўскі ў спэцпрыёмніку падаў 12 скаргаў, але не атрымаў ніводнага адказу.

(Леванеўскі: ) “Умовы ўтрыманьня агідныя. Забаронены шпацыр, стасункі паміж арыштантамі. Я пісаў заявы, каб мяне вывелі на працу, але яны нават не адказалі. Начальнік установы ад мяне хаваецца. Спачатку мяне пасадзілі ў камэру №7. Там нас было 9 чалавек на 12 квадратных мэтрах. Я заявіў, што гэта супярэчыць нормам утрыманьня, і мяне перавялі ў іншую камэру, дзе было чатыры чалавекі. Харчаваньне таксама не адпавядае нормам. Я ўпэўнены, што іх чакае судовы працэс, зьвязаны з парушэньнем маіх законных правоў і інтарэсаў, а таксама санітарных нормаў.

Паводле маіх падлікаў, яны дапусьцілі дзесяць грубых парушэньняў утрыманьня арыштаваных. Я буду абскарджваць прысуд. Яшчэ на судзе я заявіў адвод судзьдзю, бо, на маю думку, судзьдзя непісьменны чалавек. Ён ня ведае агульнавядомых рэчаў. Я лічу, што і мой удзел у акцыі быў законны. У пастанове суду няма спасылак на закон, які я парушыў. Няхай цяпер альбо пакараюць усіх пяць тысяч удзельнікаў, альбо адменяць гэтую судовую пастанову. На развітаньне я сказаў ім так: “Я сюды яшчэ вярнуся, мне трэба выбраць дзень”.

Апошні палітвязень спэцпрыёмніка выйдзе на волю ноччу 16 красавіка. Сябры моладзевага руху “Зубр” будуць сустракаць Яўгена Афнагеля. Ён правёў у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку больш за ўсіх палітвязьняў — 22 дні. Спачатку Яўген адседзеў 15 сутак арышту за сьвяткаваньне Дня Волі, а калі мусіў вызваліцца, міліцыянты ўзгадалі, што ён павінен адбыць арышт паводле леташняга прысуду. Летась 19 красавіка Яўгена Афнагеля арыштавалі за ўдзел у моладзевай акцыі “Так жыць нельга!” У камэры яму зрабілася кепска, і хуткая дапамога адвезла яго ў шпіталь.

Такім чынам яго пакінулі пад вартай яшчэ на 7 сутак. Маці Яўгена намагалася ўратаваць сына. Яна прыносіла даведкі, што ёй патрэбны догляд, бо яна інвалід. Спасылалася і на тое, што Яўген сам пакутуе на сур’ёзныя хранічныя хваробы. Але ўсё безвынікова.