ІРАЦКІЯ АРХІВЫ

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Пакуль невядома, што пакажуць архіўныя дакумэнты й ці пакажуць што-небудзь наагул, але пытаньне ўжо выклікала спрэчкі сярод аналітыкаў.

Прадстаўнік Генэральнага дырэктара Цэнтру палітычных тэхналёгіяў у Маскве Дзьмітры Арлоў цьвердзіць, што Расея, а раней і Савецкі Саюз, мела блізкія кантакты як з Іракам, так і з іншымі краінамі Блізкага Ўсходу.

Аднак, кажа Дзьмітры Арлоў, Расея заўсёды трымалася пастановаў ААН. Таму ёсьць зусім невялікая магчымасьць, што ў гэтай справе знойдзецца які-небудзь кампрамат.

Арлоў кажа, што ўрады іншых краінаў, улучна са Злучанымі Штатамі, маюць больш падставаў для неспакою.

(Арлоў: )“Я перакананы ў тым, што ёсьць шматлікія нерассакрэчаныя дакумэнты. Дэталі супрацоўніцтва Йраку зь іншымі краінамі і мэханізмы сувязі партыі Баас у сьвеце – усё гэта цікава як для расейскіх, так і для іншых спцслужбаў. Я думаю, што цяпер там ідзе вельмі напружаная барацьба за доступ да архіваў”.

Вядомы расейскі аналітык Павал Фэльгенгаўэр цьвердзіць, што антываенная пазыцыя Расеі ў Іраку, магчыма, сілкавалася ня толькі палітычнымі аргумэнтамі, аде й небясьпекай раскрыцьця рэальнага ўзроўню расейскага супрацоўніцтва з рэжымам Садама Хусэйна. Фэльгенгаўэр кажа, што супрацоўнік міністэрства замежных справаў Расеі, які папрасіў не называць ягонага ймя, пацьвердзіў актыўнае, патаемнае й незаконнае супрацоўніцтва Масквы з багдацкім рэжымам і дадае, што схаваць гэтае супрацоўніцтва будзе немагчыма.

(Фэльгенгаўэр: )“Усе сьведчаньні зьнішчыць амаль немагчыма ў любой краіне, асабліва ў такой бюракратычнай, якой быў Ірак, дзе дакумэнты звычайна захоўваліся ў розных архівах і ў розных месцах. Таму зьнішчыць усё – немагчыма”.

Відавочнасьць такога супрацоўніцтва ўжо пачынае выяўляцца. У гэтым тыдні наш карэспандэнт у Йраку паведаміў, што вайскоўцы ЗША знайшлі ў Багдадзе ліст ад расейскай збройнай фірмы падпісаны, як выглядае, генэрал-палкоўнікам Уладыславам Ачалавым, з прапановай продажу звычайных узбраеньняў на мільёны даляраў.

Гэты ліст, датаваны ліпенем 2001 году, напісаны па-ангельску, а згаданы Ачалаў фігуруе ў ім як прадстаўнік маскоўскай кампаніі FTW Systems Ltd. Аўтэнтычнасьць допісу пакуль не пацьверджаная.

Супрацоўнік лёнданскага Каралеўскага інстытуту міжнародных адносінаў Боба Ло ня верыць гэтым паведамленьням: “Парушэньне правілаў, пагадненьняў і рэжыму санкцыяў – гэта ня толькі антызаходні крок. Гэта яшчэ й выклік аўтарытэту ААН, і я буду вельмі зьдзіўлены, калі выявіцца, што расейскі ўрад уцягнуты ў парушэньне санкцыяў ААН супраць рэжыму Хусэйна”.

Ло кажа, што расейскія ваенныя тэхналёгіі маглі трапіць у Йрак ускосна, гэта значыць, праз такія краіны, як Украіна й Беларусь. Аднак, паводле Ло, гэткія зьдзелкі хутчэй за ўсё былі вуснымі й не фіксаваліся на паперы.