ПЛЯН ВУЧЭНЬНЯЎ “ЧЫСТАЕ НЕБА” БУДЗЕ ПРЫКЛАДНА АДПАВЯДАЦЬ СЦЭНАРУ ВАЙНЫ Ў ІРАКУ

Юры Дракахруст, Прага

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што плян вучэньняў будзе прыкладна адпавядаць сцэнару цяперашняй вайны ў Іраку. “Каб супрацьстаяць масавай атацы з боку магчымага праціўніка”, – патлумачыў ён і дадаў, што плян вучэньняў быў скарэктаваны з улікам досьведу вайны ў Іраку.

Разам з тым Лукашэнка заявіў, што Беларусь ня з кім не зьбіраецца ваяваць, больш за тое, паводле яго, і зь ёй ніхто ваяваць не зьбіраецца. Ён сказаў: “Увесь гвалт, які арганізаваны супраць нашай дзяржавы па тыпу ”хто наступны”, зыходзіць ад вар’ятаў. У іх засталося няшмат розуму, і яны ціснуць на нашае кіраўніцтва, каб запалохаць нашых людзей”, – заявіў Лукашэнка. Ён выказаў меркаваньне, што усталяваньне аднапалярнага сьвету прывяло да зьніжэньня ролі ААН, і Эўропа апынулася зараз ў пошуку новай сыстэмы бясьпекі. Лукашэнка лічыць, што сёньня робіцца беспрэцэдэнтны ціск на няўгодныя краіны, і прыкладам гэтага ціску ёсьць Ірак.

Кіраўнік Беларусі назваў чыньнікі, якія, паводле яго меркаваньня, ускладняюць ваенна-палітычнае становішча краіны: гэта пашырэньне НАТО на Ўсход і магчымасьць ўжываньня ваеннай сілы без санкцыі ААН. Кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што зараз сталі рэальнымі магчымасьці стварэньня ваеных базаў каля межаў Беларусі. “Мы мусім аб’ектыўна ўлічваць суадносіны сілаў і паклапаціцца пра тое, каб ўмацаваць сваю бясьпеку”, – заявіў Аляксандар Лукашэнка.