Групу польскіх журналістаў, якія ў панядзелак раніцай на трох аўтамабілях ехалі ў кірунку мястэчка Кэрбэла, нечакана спынілі ўзброеныя іракцы. Пасажырам першай машыны, а гэта былі рэпарцёр інфармацыйнага канала TVN24 Марцін Фірлей і карэспандэнт польскага радыё Яцэк Качмарэк, загадалі выйсьці. У гэты час кіроўцы двух іншых аўтамабіляў здолелі разьвярнуцца і ўцячы.
Затрыманым завязалі вочы і адвезьлі ў невядомым кірунку. Пазьней журналістаў дапытвалі вайскоўцы, а калі высьвятлілі, што яны не жаўнеры, то допыт працягнулі супрацоўнікі спэцслужбаў. Яны хацелі даведацца, ці ня ёсьць затрыманыя насамрэч шпіёнамі.
Позна ўвечары журналістаў адвялі ў іншае памяшканьне, дзе дазволілі зьняць з вачэй павязкі, прынесьлі таксама ежу і ваду. Ужо па вызваленьні рэпарцёр інфармацыйнага канала TVN24 Марцін Фірлей падкрэсьліў, што іракцы абыходзіліся з затрыманымі прыязна і не кранулі нават дарагога тэлевізійнага абсталяваньня, спадарожнікавых тэлефонаў і кампутараў. Гаворыць Марцін Фірлей:
(Фірлей: ) “Раптам пачалося амэрыканскае бамабаваньне. Гэтага мы вельмі апасаліся, бо вядома, што амэрыканцы ня ведалі, што мы знаходзімся тут. Але прыкладна праз паўгадзіны прыйшоў адзін з іракцаў, сказаў, што ён мясцовы настаўнік і завёў нас у памяшканьне школы, дзе больш бясьпечна. Там мы прасядзелі ўсю ноч. Раніцай нехта прынёс нам паесьці. Потым пачаўся гарматны абстрэл мястэчка. Снарады падалі зусім побач. Раптам ізноў прыйшоў той настаўнік, даў нам ключы ад нашага аўтамабіля і пайшоў, не зачыніўшы дзьверы. Мы пабеглі на вуліцу, ускочылі ў машыну, у якой была большасьць нашых рэчаў, і паехалі наўздагад, але, нашчасьце, амаль адразу патрапілі на дарогу ў бок гораду Наджаф”.
Польскія журналісты бясьпечна даехалі да Наджафу, дзе і знаходзяцца цяпер. У той час жаўнеры бліжэйшай амэрыканскай часткі ўжо зьбіраліся рушыць на іх пошук.
Польскія ўлады вельмі спадзяваліся на дапамогу амэрыканцаў, бо Польшча – рэальны ўдзельнік кааліцыі ЗША, а ня толькі гэтак званы “дэкляратыўны”.
Цяпер у Пэрсыдзкай затоцы знаходзяцца каля дзьвюх сотняў жаўнераў польскага спэцназу і хімічных войскаў, а таксама польскі ваенны карабель.
Большасьць палякаў не падтрымлівае ўдзелу сваіх жаўнераў у вайсковых дзеяньнях, аднак, паводле прэзыдэнта краіны Аляксандра Квасьнеўскага, гэты крок правільны з пункту гледжаньня доўгатэрміновай пэрспэктывы, бо будуе імідж Польшчы як надзейнага хаўрусьніка. “У выпадку небясьпекі мы можам разьлічваць на дапамогу Злучаных Штатаў, зь якімі побач цяпер ваюем”, – сказаў Квасьнеўскі.