ЧАМУ Ў БЕЛАРУСІ КВІТНЕЕ КАРУПЦЫЯ?

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Мечыслаў Грыб, былы сьпікер беларускага парлямэнту, заклікае весьці барацьбу з карупцыянэрамі выключна законнымі захадамі і спасылаецца пры гэтым на свой міліцэйскі досьвед.

(Грыб: ) “І раней бывала, што падкідвалі рэчавыя доказы і прыцягвалі да адказнасьці. Гэтак па віцебскай справе было асуджана ажно 12 чалавек, і адзін нават расстраляны. Вось да якіх цяжкіх наступстваў гэта можа прывесьці. Але такія захады — не вырашэньне праблемы. Нельга дзейнічаць паводле прынцыпу “яны страляюць, і ты страляй, яны рабуюць, і ты іх рабуй”. У нас ёсьць закон, ёсьць права, і мы павінны законным шляхам весьці барацьбу са злачыннасьцю”.

У сярэдзіне 1980-х гадоў, калі віцебскую міліцыю ўзначаліў Мечыслаў Грыб, нарэшце ўдалося злавіць маньяка Генадзя Міхасевіча, які за некалькі гадоў забіў у раёне Полацку больш за 30 жанчын. Тады і высьветлілася, што за гэтыя злачынствы ўжо нявінна асуджаныя 12 чалавек, прычым адзін пакараны сьмерцю. Гэта былі ня проста памылкі сьледчых, а яшчэ адно яскравае сьведчаньне таго, што са злачыннасьцю нельга змагацца бруднымі рукамі, лічыць Мечыслаў Грыб.

Сёньняшнія спробы перамагчы карупцыю і хабарніцтва праз тэрміновую кампанію ён лічыць беспэрспэктыўнымі.

(Грыб: ) “Я ў посьпех гэтай барацьбы ня веру. Ня веру таму, што ў нас закрытае грамадзтва і нейкіх шляхоў, каб зрабіць яго больш адкрытым не назіраецца. Другое, з чаго я зыходжу — у нас зашмат розных забаронаў, і ў бізнэсе паўсюль патрэбная ліцэнзія. Зразумела, што чыноўніка, ад якога залежыць, даць дазвол ці ня даць, гэта штурхае на шлях, які вядзе да карупцыі”.

Наконт таго, што сам дзяржаўны лад Беларусі стварае глебу, прыдатную для карупцыі, зь ім згодны былы супрацоўнік праваахоўчых органаў, а цяпер прадпрымальнік Уладзімер С. Аднак ён лічыць, што час барацьбы з карупцыяй праз агітацыю чыноўнікаў быць сумленнымі мінуў, цяпер патрэбныя больш жорсткія дзеяньні.

Са свайго досьведу Ўладзімер згадвае:

(Прадпрымальнік Уладзімер: ) “Я хацеў майстэрню адкрыць на праспэкце ў пэўным месцы, сунуўся туды, сюды, адказалі — ніяк нельга. Праз паўгоду гляджу, там ужо іншы прыватнік — і ліхтары, і асобны ўваход, што мне забаранялі. Пытаюся ў яго, як удалося? Ты што, кажа, мне давялося патрэбнаму чалавеку аўтамабіль падараваць”.

Паводле прадпрымальніка, сыстэмай хабарніцтва пранізаная ўся ўладная піраміда, і тыя, хто ўнізе, нават вымушаныя браць хабар, каб разьлічыцца з тымі, хто наверсе. Разбурыць гэтую сыстэму магчыма толькі вельмі жорсткімі дзеяньнямі, у тым ліку і супраць нячыстых на руку міліцыянтаў.

Прыкладам, Уладзімер сьцьвярджае, што міліцыянты аднаго менскага РУУС пакрываюць гандляроў наркотыкамі, якія вядуць свой незаконны бізнэс на аўтазапраўцы. За гэта міліцыянты бясплатна запраўляюць бэнзынам прыватныя машыны. І падобных хабарнікаў у міліцыі, паводле Ўладзімера, хапае, трэба іх тэрмінова выкрываць.

(Прадпрымальнік Уладзімер: ) “Ну, ня можа сяржант міліцыі за зарплату езьдзіць на 127-м “мэрсе”, адкуль у яго такі аўтамабіль?”

Дарэчы, Уладзімер дамогся ўзбуджэньня крымінальнай справы супраць міліцыянта, які вымагаў зь яго грошы і пагражаў забойствам. Міліцыянт быў асуджаны, але, паводле апошніх дадзеных Уладзімера, неўзабаве выйдзе на волю, не адбыўшы і паловы тэрміну.