ІРАК ПАСЬЛЯ ХУСЭЙНА

Натальля Судлянкова, Прага

(Карэспандэнтка: ) “З розных крыніцаў прыходзяць розныя паведамленьні пра будучыню Іраку. Так, прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр у Лёндане сустрэўся з прадстаўнікамі ірацкай апазыцыі. Блэр сказаў, што іракцы будуць кіраваць сваёй краінай самі. Зь іншага боку, прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш, як паведамляецца, дагэтуль канчаткова ня вызначыўся наконт ролі ірацкіх апазыцыйных лідэраў, якія зараз знаходзяцца ў эміграцыі. А як бачаць будучыню сваёй краіны самі іракцы?”

(Фатухі: ) “З нашага пункту гледжаньня, пытаньняў няма. Мы – грамадзяне Іраку, мы выступаем супраць дыктатуры Садама Хусэйна, мы хочам пабудаваць дэмакратычны Ірак і мы возьмем новы Ірак у свае рукі. Мы паважаем іншыя меркаваньні, як брытанскія, так і амэрыканскія, але зь іншага боку, гэта будзе нашае рашэньне. Новы Ірак будзе будавацца ірацкім урадам, гэта будзе ўрад, які будзе весьці падрыхтоўку да правядзеньня выбараў і вяртаньня да асноваў, у якіх паважаецца закон, паважаюцца суседзі і, асабліва, міжнародныя законы. Мы настойваем на тым, што самі іракцы возьмуць будучыню сваёй краіны ў свае рукі”.

(Карэспандэнтка: ) “І тым ня менш, пакуль ляяльныя рэжыму Садаму Хусэйна войскі вядуць жорсткую барацьбу зь сіламі саюзьнікаў. Пашыраецца рух шахідаў – сьмертнікаў, якія гатовыя пайсьці на самагубства, каб забіць жаўнераў сілаў кааліцыі.Чаму жыхары Іраку абараняюць рэжым? Ці можна сказаць, што яны змагаюцца за сваю Айчыну?”

(Фатухі: ) “Ведаеце, гэта дыктатура. Зрэшты, народ Нямеччыны да апошняга моманту падтрымліваў Гітлера. 35 гадоў кантролю ня могуць не пакінуць сваіх сьлядоў. Але народ Іраку не абараняе Садама Хусэйна. Яго абараняюць тыя людзі, якія знаходзяцца побач зь ім. Мы – таксама народ Іраку, і мы яго не падтрымліваем. Пасьля таго, як моц Хусэйна аслабне, вы ўбачыце, як людзі на самой справе ставяцца да Садама Хусэйна. Але зараз вы толькі паглядзіце на нацыяльнае ірацкае тэлебачаньне, што там паказваюць... Людзі танчаць на вуліцах, яны скандуюць “Наша кроў і нашае жыцьцё належаць Садаму Хусэйну”. Гэта і ёсьць фэномэн дыктатуры”.

(Карэспандэнтка: ) “Усё яшчэ існуе магчымасьць, што Хусэйн паспрабуе ўцячы. І час ад часу ў зьвязку з гэтым прыгадваецца Беларусь, як краіна, якая магла б прадаставіць яму прытулак. Нас зацікавіла, ці будзе новы Ірак шукаць Садама Хусэйна?”

(Фатухі: ) “Наконт пераезду ў Беларусь. Вельмі добра, хай беларускі прэзыдэнт прывітае свайго добрага сябра. Але трэба ведаць, што ірацкі народ ніколі не дазволіць Хусэйну пазьбегнуць пакараньня. Хусэйн кіраваў краінай на працягу 35 гадоў, яны фактычна скралі ўсе грошы, якія мела за гэты час краіна. Для вашага ведама, ад моманту нацыяналізацыі нафтавай прамысловасьці, а гэта адбылося ў 1972 годзе, Садам Хусэйн атрымліваў 5% ад прыбыткаў ад продажу нафты.Згодна з дадзенымі, якія прадаставіў былы міністар плянаваньня, да 1989 году Хусэйн атрымаў болей за 32 мільярды даляраў прыбыткаў – гэта і ёсьць 5%. Натуральна, паўстае пытаньне – дзе гэтыя грошы? Зразумела, што новы ірацкі ўрад не пакіне гэтае пытаньне без адказу. Але галоўнае – гэта ня грошы. Галоўнае – кроў жыхароў Іраку на ягоных руках. Але зараз самае галоўнае пытаньне – ня што будзе з Садамам Хусэйнам, а што будзе далей з краінай”.

(Карэспандэнтка: ) “Такія краіны, як Расея, Украіна, Беларусь пастаўлялі ў Ірак зброю ці інвэставалі грошы ў разьвіцьцё Іраку. Ірак часоў Хусэйна мае пэўныя запазычанасьці, якія ўзьніклі ў зьвязку з гэтым. Безумоўна, адным з асноўных пытаньняў для гэтых краінаў зараз ёсьць – што будзе далей з гэтымі грашыма?”

(Фатухі: ) “Запытайцеся ў Садама Хусэйна. Гэтыя запазычанасьці – праблема Расеі. Хусэйн атрымаў зброю ад ніх, хай сам і вяртае свае даўгі. Чаму мы – вольны Ірак будзе вяртаць гэтыя грошы? Я ня думаю, што Расея атрымае свае грошы. І нават болей – тое, што мусяць зразумець сёньняшнія ўрады Беларусі і Расеі: калі гэтыя краіны хочуць усталяваць добрыя адносіны з новым Іракам, першае, што яны мусяць зрабіць – заявіць, што не зьбіраюцца дамагацца вяртаньня запазычанасьці былога рэжыму. Таму што гэтыя грошы – гэта ўсё зброя, якую Садам Хусэйн выкарыстаў дзеля вядзеньня гэтай ды іншых войнаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Але былі таксама пэўныя інвэстыцыйныя праекты. Прыватныя інвэстары ўкладалі свае грошы, напрыклад, у разьвіцьцё нафтапераапрацоўчай галіны. Гэта ня ёсьць зброя, гэта тое, што застаецца і пасьля зьвяржэньня рэжыму Садама Хусэйна”.

(Фатухі: ) “Канечне, усё, што тычыцца іншых праектаў, будзе абмяркоўвацца. Гэта значыць, што канчатковае рашэньне будзе прымацца на падставе вывучэньня агульнай сытуацыі. Урад новага Іраку ня будзе нейкім дзіцячым органам. Яны будуць добра ведаць свае паўнамоцтвы і наступствы міжнародных дачыненьняў. Мы хочам захаваць добрыя адносіны з Расеяй, мы паважаем Беларусь, мы паважаем усе іншыя краіны. “Пасьляхусэйнаўскі” Ірак патрабуе мудрую, узважаную палітыку. І часткай гэтай палітыкі ёсьць дакладны аналіз абавязкаў былога рэжыму ў дачыненьні да міжнароднага грамадзтва. І такім чынам, запазычанасьці перад іншымі краінамі будуць часткай рацыянальнага абмеркаваньня і рацыянальнага рашэньня”.

(Карэспандэнтка: ) “Пэўныя даволі шчыльныя дачыненьні Хусэйна зь іншымі краінамі часьцей за ўсё рэалізоўваліся ў продажы зброі Іраку. Ці будзе, на Вашую думку, у пасьляваенным Іраку весьціся дасьледаваньне фактаў продажу зброі рознымі краінамі, у прыватнасьці, Беларусяй?”

(Фатухі: ) “Пасьля падзеньня рэжыму Садама Хусэйна ніякіх сакрэтаў не застанецца.Усё будзе адкрыта. Мы зразумеем, хто атрымліваў грошы ад Садама Хусэйна і хто падтрымліваў яго ў зьвязку з тым, што атрымліваў грошы непасрэдна ад яго. Усё гэта будзе зразумелым і адкрытым. Ірацкі ўрад аднародуе гэтую інфармацыю. Кожны мусіць разумець, чаму гэтыя людзі падтрымвалі Хусэйна. Гэта будзе так званы “чорны сьпіс”людзей і арганізацый, якія былі купленыя за грошы”.

Спадар Мувафак Фатухі шмат гадоў пражыў у эміграцыі. І магчымасьць вярнуцца ў родную краіну зараз бліжэй, чым за ўсе гэтыя гады. Пры канцы размовы мы запыталіся, што адчувае чалавек, які шмат гадоў чакаў вызваленьня сваёй краіны.

(Фатухі: ) “Гэта вялікая падзея. Мы нарэшце пазбавімся гэтай дыктатуры і пачнем займацца будаўніцтвам новага дэмакратычнага Іраку”.