РАСКОША ЯК СЫМБОЛЬ ТЭРОРУ

Віталь Тарас, Прага

Як паведамляе сёньняшняя “Washington Post”, амэрыканскія дэсантнікі, якія захапілі міжнародны аэрапорт у Багдадзе, знайшлі тым так званы VIP–тэрмінал. Гэта адмысловае сховішча для Садама, куды можна патрапіць ня толькі зьверху, але і цераз падземны ход. Васйкоўцы ўбачылі добра абсталяванае памяшканьне з моцнымі дзьвярыма з чырвонага дрэва ручной работы, з пазалочанай сантэхнікай і верандай, якая выходзіць у сад ружаў.

На мінулым тыдні амэрыканскія дэсантнікі ўварваліся ў палац Аль-Тартар каля Багдаду. Гэты прэзыдэнцкі комплекс з паркам для сафары, са сланамі ды аленямі, з казіно і штучным возерам атрымаў назву Садамлэнд – па аналёгіі з Дыснэйлэндам. Аўтар амэрыканскага часопісу “Time” Бэн Макінтайр задаецца пытаньнем: у чым сутнасьць прагнасьці дыктатараў ды іх памагатых да раскошы?

Летась у лістападзе, адразу пасьля падзеньня рэжыму талібаў, – піша Макінтайр, – яму давялося наведаць у Кабуле дом, дзе спыняўся Усама бін Лядэн. У параўнаньні з палацамі Хусэйна будынак выглядае сьціпла. Аднак, паводле афганскіх стандартаў – гэта велічэзны дом, дзе жыла трэцяя жонка савудаўскага тэрарыста. Вельмі нечаканым было ўбачыць у доме тэрарыста-аскета ды антызаходніка францускае бідэ й ванную, абліцаваную зялёнай пліткай паводле заходняга дызайну. Іншы асабняк Бін Лядэна, каля Кандагару, абсталяваны дзьвярыма, ручкі якіх упрыгожаныя дарагімі каменямі. Гэтыя дзьвярныя ручкі, як і вычварная люстра ў доме хімічнага Алі могуць служыць сымбалем тэрору, таксама як і кепскага густу.

Шык і камфорт – абавязковыя атрыбуты дыктатураў, якія ў дадатак да палітычнага гвалту прыгнятаюць сваёй раскошай. Ядвабная канапа Садама з выявай качаняці на падушцы нагадвае ложак імпэратара Банапарта. Нацысты таксама захапляліся раскошай. Модны майстар інтэр'ераў з Парыжу быў запрошаны спраектаваць банкетную залю нямецкага Райхсбанку. Інтэр'ер прадугледжваў стол на 150 чалавек з залатым сэрвізным наборам на кожнага.

Нішто лепш не характарызуе эпоху панаваньня Чаўшэску ў Румыніі, як безгустоўныя боты з дыямэнтамі ў абцасах ягонай жонкі Алены, альбо паляваньне на дзікоў, якіх дыктатар расстрэльваў дзясяткамі, падобна сярэднявечнаму барону.

Прыступы дэспатычнай прагнасьці часта ёсьць першай прыкметай таго, што рэжым у крызысе. Невыпадкова ў Зымбабве ходзяць шматклікія чуткі аб наведваньнях жонкай прэзыдэнта Мугабэ дарагіх крамаў, пра ягоныя палацы, абліцаваныя ўнутры дубам, ды пра іхныя пляны купіць замак у Шатляндыі.

Дыктатараў перасьледуе маніякальная страсьць да зьбіральніцтва. Кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ір сабраў калекцыю з 20 000 відэафільмаў. Дыктатар Уганды Іды Амін зьбіраў тытулы і званьні -- напрыклад: “кароль Шатляндыі, Маршал палёў, Бог усіх жывёлаў Зямлі і рыбаў мора, скарыцель Брытанскай імпэрыі ў Афрыцы” і г.д.

Садам Хусэйн калекцыянуе палацы. Пасьля заканчэньня папярэдняй вайны ў Заліве ў 1991 годзе ён пабудаваў прынамсі 38 палацаў. Але паколькі ягоны рэжым зараз рушыцца, рушацца й помнікі ягонай асабістай прагнасьці разам зь лісьлівымі партрэтамі ды іншымі цацкамі дыктатара. Крах дыктатураў сучаснасьці суправаджаўся крушэньнем асабістага ўсясьвету бязьмежнай раскошы кожнага з дыктатараў. Цяперашняе разбурэньне імпэрыі Садама служыць напамінкам аб тым, што таталітарныя рэжымы існуюць не бясконца.