“НАВУЧЫЦЦА НЕ ЛЮБІЦЬ САДАМА”

Алена Ціхановіч, Прага

Летась у верасьні 32 ірацкія эмігранты сустрэліся ў Брытаніі, каб выпрацаваць дакумэнт, які пазьней атрымае назву “Даклад аб пераходзе да дэмакратыі ў Іраку”. Гэты даклад у выглядзе паўнавартаснай пераплеценай кнігі быў выдадзены па-ангельску і па-арабску. Аднак гэтыя эмігранцкія колы хаця і спадзяваліся стварыць новы ўрад, ніколі ня мелі цесных сувязяў з адміністрацыяй Буша. Іх даклад не прыцягнуў сур’ёзнай увагі.

Паул Бэрман лічыць, што гэты дакумэнт вельмі істотны як для разуменьня цяперашняга крызысу, так і яго вырашэньня. Вось некаторыя моманты, адзначаныя ў дакумэнце:

“Практыка палітычнага жыцьця памерла ў Іраку 35 гадоў таму. Там няма палітычных партыяў, акрамя арабскай сацыялістычнай партыі БААС. Там няма арганізаваных апазыцыйных групаў, няма адкрытага іншадумства, няма нават шырокавядомага перасьледаванага дысыдэнта. Мноства звычайных людзей так ці інакш заплеценыя ў злачынствы рэжыму”. Рэкамэндацыя аўтараў дакладу: Ірак пасьля падзеньня басістаў павінен прайсьці, паводле прыкладу дэнацыфікацыі Нямеччыны, працэс дэбасіфікацыі.

Такім чынам, гэтая рэкамэндацыя грунтуецца на параўнаньні, якое многім дасьледчыкам здаецца спрэчным – а менавіта на параўнаньні Іраку зь Нямеччынай 60 гадовай даўніны, арабскай краіны з эўрапейскай. Паул Бэрман знаходзіць лёгіку параўнаньня. Ён адзначае, што сучасны таталітарызм паўставаў у Эўропе пасьля першай усясьветнай вайны ў розных формах – фашыстоўскай, камуністычнай, нацысцкай. Эўрапейскія рэаліі ўплывалі на мусульманскія, натхнялі як у філязофскім пляне, так і арганізацыйным. Так, паводле ўзору моладзевай арганізацыі Гітлерюгенд, у 30-я гады была створаная арабская моладзевая арганізацыя Футува.

Партыя БААС прыйшла да ўлады ў Іраку ў 1968. Басісты, чыя ўлада асацыюецца зь міліцыяй у чорнай уніформе, стварылі новую палітычную культуру, якая паводле свайго выгляду і духу больш нагадвае эўрапейскі таталітарызм, чым традыцыі Атаманскай імпэрыі. Паколькі ірацкая дыктатура нагадвае мінулы таталітарызм у Эўропе, то чаму б далейшы лёс гэтай дыктатуры ня мог нагадваць эўрапейскі шлях, – пытаюцца аўтары дакладу. Яны нагадваюць, што вызваленьне Нямеччыны ад нацызму пачалося ў 1945, калі краіну акупавалі саюзьнікі і забаранілі нацыскую партыю. Яе сябры былі пастаўленыя перад трыбуналам ці судом, ім было забаронена займаць пэўныя афіцыйныя пасады. Карэнныя зьмены адбыліся ў сыстэме адукацыі і культуры. Вызваленьне ад нацызму, як адзначае Паул Бэрман, шмат у чым залежала ад энтузіязму саміх немцаў.

Сёньняшнія абставіны ў Іраку, магчыма, у многім больш змрочныя, чым у нацысцкай Нямеччыне. Іракцы, якія зь мінулых дзесяцігодзьдзяў ня маюць амаль ніякога палітычнага вопыту, маюць мінімальныя дэмакратычныя інструмэнты для новай мэты. Таму многае залежыць ад амэрыканцаў і брытанцаў, калі тыя перамогуць басісцкі рэжым. Яны безумоўна будуць патрабаваць вопытных і дасьведчаных саюзьнікаў. Хто будзе іх саюзьнікамі? – пытаецца Паул Берман.

Немцы на сёньня былі б ідэальнымі партнэрамі. Яны маюць двайны вопыт – як пазбаўленьня ад нацызму, так і камунізму савецкага ўзору. Але магчыма , што з-за цяперашняга разыходжаньня пазыцыяў Бэрліну і Вашынгтону немцы пакінуць свой вопыт пры сабе, – дапускае Паул Бэрман.